Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́РАНЦАВА МО́РА,

ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс. км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш. Найб. в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.

Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял. трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.

т. 2, с. 299

БАРАНЦЭ́ВІЧ Антон Казіміравіч

(каля 1837, в. Кірклішкі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 26.1.1918),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. З 1853 на вайск. службе, падпаручнік. Належаў да рэв. арг-цыі. У крас. 1863 узначаліў падраздзяленне ў гал. паўстанцкім атрадзе Гродзенскай губ., потым асобны атрад. Паплечнік В.Урублеўскага, паказаў сябе як здольны партыз. камандзір. Пасля разгрому паўстання ў студз. 1864 эмігрыраваў у Парыж. З 1869 жыў у Галіцыі, інжынер шляхоў зносін. Аўтар успамінаў.

Тв.:

Ostatnie dnie konnego litewskiego oddziału // W czterdziestą rocznicę powstania styczniowego 1863—1903. Lwów, 1903.

т. 2, с. 300

БАРАНЦЭ́ВІЧ Казімір Станіслававіч

(3.6.1851, С.-Пецярбург — 26.7.1927),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў і апавяданняў (зб-кі «Пад прыгнётам», 1883; «Абарваныя струны», 1886; «Маленькія апавяданні», 1887), раманаў «Раба» (1887), «Змагары» (1896), «Хворая кроў» (1900), у якіх адлюстраваў жыццё абяздоленых гараджан. Творы Баранцэвіча прасякнуты ідэямі народніцтва. У маст. манеры адчуваецца ўплыў Ф.М.Дастаеўскага і А.П.Чэхава.

т. 2, с. 300

БАРА́НЧЫКІ,

гл. Першацвет.

т. 2, с. 300

БАРА́НЫ,

гл. ў арт. Боравадароды.

т. 2, с. 300

БАРАНЫ́

(Ovis),

род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.

Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.

т. 2, с. 300

БАРА́НЬ,

горад у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобл., на р. Адроў. Падпарадкоўваецца Аршанскаму гарсавету. За 9 км ад Оршы, на аўтамаб. дарозе Орша—Коханава. 14,4 тыс. ж. (1995). Прадпрыемствы металаапр. і лёгкай прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяраў фашызму.

Вядома як сяло Барань (потым Старая Барань), што ў 1518 належала кн. К.І.Астрожскаму. З 1598 мястэчка Аршанскага пав. У 1-й пал. 17 ст. ў Барані 38 дамоў. У 2-й пал. 19 ст. каля 300 ж., працавалі крухмальны з-д, млын, было нар. вучылішча (адкрыта ў 1871, 31 вучань). У 1873 тут заснаваны драцяна-цвіковы з-д. У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Аршанскім раёне. З 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 16.7.1941 да 27.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. З 17.5.1972 горад.

т. 2, с. 300

БАРА́НЬСКАЯ КУ́ЛЬНЯ,

бараньскі кульны двор, майстэрня па вырабе ядраў і куль для гармат і гакаўніц на тэр. Беларусі ў 16 — сярэдзіне 18 ст. Засн. ў 1597 кн. М.Радзівілам у с. Барань, верагодна, Барысаўскай вол. Аршанскага пав. Работнікаў майстэрні («кульнікаў») набіралі з мясц. сялян, надзялялі іх 1 валокай зямлі, за што яны павінны былі здабываць руду, вырабляць жалеза і вугаль, адліваць ядры і кулі. У кастр. 1598 працавала 14 «кульнікаў». Бараньская кульня пастаўляла кулі і ядры Копыскаму і Біржанскаму (у Літве) замкам. «Кульнікі» ўдзельнічалі ў рамонце і доглядзе ўмацаванняў Копыскага замка, давалі грошы «на выправу выбранцев», «жита на пушкаров замковых» і стацыю (падатак) на выпадак прыезду ў Копысь Радзівілаў. За год на патрэбы Біржанскага замка Бараньская кульня вырабляла 195 вялікіх і 325 меншых ядраў, для Копыскага — 390 меншых ядраў і 780 гакаўнічных куль. Каб зберагаць лясы ад спусташэння, яны павінны былі закопваць за сабою ўсе ямы.

М.А.Ткачоў.

т. 2, с. 300

БАРАРЭЦЭ́ПТАРЫ

(ад бара... + рэцэптары),

адчувальныя нерв. канцы ў сценках крывяносных сасудаў, якія ўспрымаюць змены крывянога ціску і рэфлекторна рэгулююць яго ўзровень. Пры павышэнні крывянога ціску барарэцэптары пасылаюць у ц. н. с. імпульсы, якія прыгнечваюць тонус сасудзістага цэнтра, узбуджаюць вегетатыўную нерв. сістэму, што вядзе да паніжэння ціску.

т. 2, с. 300

БАРАТАШВІ́ЛІ Ніколаз Мелітонавіч

(27.12.1817, Тбілісі — 21.10.1845),

грузінскі паэт-рамантык. Літ. спадчына Бараташвілі — паэма і вершы (каля 40), пераважна філас. і інтымнай тэматыкі. У творах («Мерані», «Мая малітва», «Магіла цара Іраклія», «Роздум на беразе Куры», паэма «Лёс Грузіі» і інш.) складаны ўнутр. свет чалавека, мара пра нац. свабоду Грузіі. У асобных вершах матывы адчаю, песімізму, адзіноты («Адгукніся, душа», «Злы дух»). Паэзіі Бараташвілі ўласцівыя псіхалагізм, лірызм, экспрэсіўнасць, пластычнасць, музычнасць. На бел. мову яго творы перакладалі А.Астрэйка, А.Вялюгін, Е.Лось, Я.Семяжон і інш.

т. 2, с. 300