БАГУШЭ́ЎСКІ БОЙ 1941,
бой партыз. атрадаў Багушэўскага (камандзір А.К.Стэльмах), І.Ф.Бяляева і групы сав. ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне (камандзір П.С.Гапонцаў), з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Багушэўск Віцебскай вобласці ў вер. 1941. У ноч на 4 вер. асн. група партызанаў закідала гранатамі памяшканне камендатуры варожага гарнізона ў пасёлку, разграміла раённую ўправу, знішчыла аўтамашыны, пам. ваеннага каменданта Віцебска, што прыехаў на нараду, захапіла трафеі і дакументы і вярнулася на базу. Група прыкрыцця з боку шашы Віцебск—Орша перашкодзіла прыбыццю дапамогі фаш. гарнізону. Акупац. газета «Витебский вестник» паведамляла, што на Багушэўск напаў атрад колькасцю 1000 чал., узброены танкамі, артылерыяй, мінамётамі і кулямётамі.
т. 2, с. 212
БАГУШЭ́ЎСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—31, 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у Аршанскай акр. Цэнтр — г.п. Багушэўск. Пл. 895 км², нас. (на 1.1.1925) 33 889 чал., 334 нас. пункты. З 20.2.1938 у складзе Віцебскай вобласці. Скасаваны 20.1.1960, тэр. ўвайшла ў Аршанскі, Віцебскі і Сенненскі р-ны.
т. 2, с. 212
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ГІСТО́РЫКАЎ
(БАГ),
грамадская навуковая арг-цыя. Створана 5.2.1993 у Мінску на Усебеларускай канферэнцыі гісторыкаў. Аб’ядноўвае вучоных гісторыкаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гіст. дысцыплін, бібліятэчных, музейных, архіўных работнікаў, краязнаўцаў. Мае на мэце садзейнічаць развіццю фундаментальных даследаванняў па гісторыі Беларусі і ўсеаг. гісторыі, пашыраць гіст. адукаванасць грамадства, папулярызаваць і распаўсюджваць гіст. веды, фарміраваць нац. гіст. свядомасць насельніцтва Беларусі. Удзельнічае ў каардынацыі навук. даследаванняў у галіновых навук. установах Беларусі і ВНУ, у рабоце па павышэнні кваліфікацыі кадраў гіст. навукі, садзейнічае публікацыі вынікаў навук. даследаванняў, праводзіць навук. канферэнцыі, супрацоўнічае з органамі дзярж. улады і кіравання. Складаецца з індывід. і калект. членаў. Вышэйшы орган БАГ — з’езд, які склікаецца раз у 3 гады. Кіруючы орган — рада. У перыяд паміж з’ездамі і пасяджэннямі рады дзейнасць БАГ накіроўвае прэзідыум.
т. 2, с. 405