Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАСФО́Р

(тур. Karadeniz Bogazi, грэч. Bosporos),

праліў паміж Еўропай і Азіяй (п-аў Малая Азія). Злучае Чорнае і Мармуровае моры. Даўж. каля 30 км, шыр. ад 0,7 км да 3,7 км. Найменшая глыб. на фарватэры 33 км. У Басфоры — бухта Залаты Рог. Порт Стамбул (Турцыя). Праз Басфор пабудаваны аўтамаб. мост (даўж. каля 2,8 км).

т. 2, с. 343

БАСЦЕ́НАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Капачоўскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Кашанка. Цэнтр калгаса. За 25 км на З ад Мсціслава, 92 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Ходасы. 365 ж., 141 двор (1995). Клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік драўлянага дойлідства (канец 19 — пач. 20 ст.) — царква.

Вядомы з пач. 18 ст. У 1816 было 166 ж., 33 двары, у 1897 — 408 ж., 57 двароў, у 1909 — 347 ж., 66 двароў, школа, карчма. Уваходзіла ў Доўгавіцкую вол. Чэрыкаўскага пав. У 1926 — 626 ж., 87 двароў. З ліп. 1941 да 29.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі У 1970 — 370 ж., 133 двары.

т. 2, с. 343

БАСЭ́ТЛЯ

(польск. basetla),

басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар. інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. Віяланчэль.

І.Дз.Назіна.

т. 2, с. 343

БА́СЯ,

рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).

Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г. Чавусы.

т. 2, с. 343

БАСЯНКО́Ў Пётр Харытонавіч

(26.11.1908, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.6.1969),

Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, баёў ва Усх. Прусіі, Германіі. Вызначыўся ў баі каля г. Добеле (Латвія) у 1944: экіпаж танка, у складзе якога Басянкоў быў механікам-вадзіцелем, адбіў атаку 8 танкаў праціўніка (4 з іх знішчыў). Калі танк загарэўся, жывым з экіпажа застаўся адзін Басянкоў, які не спыніў бою.

т. 2, с. 344

БАС-ТЭР

(Basse-Terre),

горад, адм. ц. дэпартамента Францыі Гвадэлупа ў Вест-Індыі. Засн. ў 1643. 14 тыс. ж. (1990). Порт на Пд в-ва Гвадэлупа. Цукр. прам-сць. Турызм.

т. 2, с. 343

БАТА́ВІЯ,

назва г. Джакарта да 1949.

т. 2, с. 344

БАТА́ЕЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1799—1900 у в. Батаева Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 працавалі 53 чал., выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла.

т. 2, с. 344

БАТА́ЙСК,

горад у Расіі, у Растоўскай вобласці. Засн. ў 1779—80. 94,8 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтакраны і аўтапрычэпы, мантажныя загатоўкі, эл.-мех. вырабы), лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. Матэрыялаў.

т. 2, с. 344

БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч

(н. 20.11.1928, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».

т. 2, с. 344