Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАСО́РА,

гл. Басра.

т. 2, с. 342

БАСПО́Р,

гл. Баспорская дзяржава.

т. 2, с. 342

БАСПО́РСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

Баспор, дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і ў 480 да нашай эры — канцы 4 ст. нашай эры. Сталіца — г. Пантыкапей (цяпер г. Керч). Займала Керчанскі і Таманскі п-авы, узбярэжжа Азоўскага і Чорнага мораў да сучаснага г. Новарасійск і ніжняга цячэння Дона; аб’ядноўвала грэч. гарады-калоніі Феадосію, Фанагорыю, Гаргіпію і інш. і стараж. мясц. плямёны. Б. ч. насельніцтва складалі свабодныя земляробы і рабы. Правілі Баспорскай дзяржавай дынастыі архантаў (цароў) Археанактыдаў (480—438 да нашай эры) і Спартакідаў (да 107 да нашай эры). З канца 2 ст. да нашай эры ўваходзіла ў Пантыйскае царства, з 1 ст. да нашай эры да 3 ст. нашай эры была васалам Стараж. Рыма. З сярэдзіны 3 ст. нашай эры ў эканам. і паліт. заняпадзе. Знішчана гунамі.

Археал. вывучэнне Баспора пачалося ў 19 ст. (П.Дзюбрукс, І.А.Стампкоўскі, А.Б.Ашык, Д.В.Карэйша, А.Е.Люцэнка, В.В.Шкорпіл і інш.), у 20 ст. даследаванні вялі В.Ф.Гайдукевіч, У.Д.Блавацкі, М.М.Кабыліна і інш. Выяўлены помнікі дойлідства (пахавальні з уступамі), Залаты, Царскі, Мелек-Чэсменскі курганы, зернясховішчы, рэшткі рыбазасольных і вінаробных ваннаў, ганчарныя і ювелірныя вырабы, манетныя скарбы, скляпы, размаляваныя ваеннымі, культавымі і бытавымі сцэнамі, партрэтныя скульптуры. Сусветна вядомыя маст. вырабы — залаты грэбень з кургана Солаха, сярэбраная ваза з Чартамлыцкага кургана, Кульобская ваза з электрону (сплаў золата і серабра).

т. 2, с. 342

БАСПО́Р КІМЕРЫ́ЙСКІ,

стараж.-грэчаская назва Керчанскага праліва. Звязана са стараж. насельніцтвам Паўн. Прычарнамор’я — кімерыйцамі. На берагах Баспора Кімерыйскага ў 5 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры існавала Баспорская дзяржава.

т. 2, с. 342

БАСПО́Р ФРАКІ́ЙСКІ,

стараж.-грэчаская назва праліва Басфор.

т. 2, с. 342

БА́СРА,

Басора, горад на Пд Ірака. Адм. ц. мухафазы Басра. Засн. ў 638. 616,6 тыс. ж. (1985). Гал. рачны і марскі порт краіны паблізу ўпадзення р. Шат-эль-Араб у Персідскі зал. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр. раёна здабычы і перапрацоўкі нафты. Вытв-сць азотных угнаенняў, абутку, канатаў; папяровы камбінат. Рамёствы. Каля Басры ў Эз-Зубайры з-ды: нафтахім., металургічны, па звадкаванні прыроднага газу. Перапрацоўка фінікаў. Ун-т. За 10 км ад горада — руіны сярэдневяковай Басры.

т. 2, с. 342

Бастанджан Юрый Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 346

БАСТО́Н

(ад назвы г. Бостан у ЗША),

высакаякасная тонкая шарсцяная тканіна з грабеннай мерыносавай кручанай пражы, мае дробныя рубчыкі з нахілам. Выпускаецца пераважна афарбаванай у цёмны колер. З бастону шыюць касцюмы, паліто.

т. 2, с. 342

БА́СТРЫКАЎ Юрый Георгіевіч

(н. 8.4.1937, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1983). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1966). З 1965 саліст Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. З 1969 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Валодае моцным, выразным голасам шырокага дыяпазону, выконвае лірычныя і драм. партыі. Сярод роляў: у бел. рэпертуары — Андрэй («Андрэй Касценя» М.Аладава), Максім Багдановіч («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ладавіка («Джардана Бруна» С.Картэса), Беларэцкі («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана); у класічным — Шаклавіты («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Ліндорф («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Напалеон («Вайна і мір» С.Пракоф’ева).

т. 2, с. 342

БАСТУ́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Чыг. станцыя. За 10 км на Пд ад Воранава, 123 км ад Гродна. 723 ж., 165 двароў (1995). Арэнднае прадпрыемства па мат.-тэхн. забеспячэнні аграпрамкомплексаў, хім. цэнтр райсельгасхіміі, нафтабаза, асфальтабетонны з-д, фасовачны цэх аптовай базы райспажыўсаюза. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 342