БАРАНО́ЎСКІ Аляксей Аляксандравіч
(11.8.1907, Мінск — 20.4.1970),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1953). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1929 у БДТ-3 пад кіраўніцтвам У.Галубка. З 1933 у Бел. траме, у 1937—67 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Камедыйны і характарны акцёр з грунтоўнай і па-мастацку выразнай псіхал. матывіроўкай паводзін сцэн. персанажаў. Тонка адчуваў каларыт роднага слова. Майстар эпізоду. Сярод роляў: Самсон («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), пані Пернель («Тарцюф» Мальера), дзед Бадыль, Першы кліент, Сымон Верас («Партызаны», «Мілы чалавек», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Язэп («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), баец Катушка, Верхаводка, Ахрэм («Цытадэль славы», «Простая дзяўчына», «На крутым павароце» К.Губарэвіча), Кропля («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона), Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка).
Б.І.Бур’ян.
т. 2, с. 298
БАРАНО́ЎСКІ Анатоль Васілевіч
(н. 9.5.1937, г. Мінск),
бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф. Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).
т. 2, с. 299
БАРАНО́ЎСКІ Мікалай Аляксандравіч
(н. 25.6.1949, г. Брэст),
бел. вучоны ў галіне сацыялогіі і правазнаўства. Д-р сацыялагічных н. (1994). Скончыў БДУ (1972). У 1972—75 працаваў у органах Пракуратуры БССР. З 1979 у Ін-це філасофіі і права, з 1990 у Ін-це сацыялогіі АН Беларусі. Навук. працы па сацыялогіі і праве.
Тв.:
Борьба с пьянством как антисоциальным паленнем явленнем. Мн., 1987.
т. 2, с. 299
БАРАНО́ЎСКІ Міхаіл Васілевіч
(н. 9.10.1949, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1971). З 1975 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па тэхналогіі атрымання малака высокай якасці, ачыстцы малака ад радыенуклідаў, машыннага даення кароў.
Тв.:
Производство кормов из поукосных и пожнивных культур. Мн., 1985 (у сааўт.);
Интенсивная технология производства молока. Мн., 1991 (у сааўт.).
т. 2, с. 299
БАРАНО́ЎСКІ Фёдар Міхайлавіч
(н. 3.7.1924, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладаў ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1964 у Бел. політэхн. акадэміі. Як жывапісец працуе ў батальным, гіст., быт. жанрах, а таксама пейзажы, партрэце. Творам уласцівы разнастайнасць маст. вырашэнняў, свабодная манера пісьма, дакладнасць вобразных характарыстык. Сярод работ: «Цаною жыцця» (1961), «Захоп моста ў Віцебску ў 1944 годзе» (1962), «Уцёкі з палону» (1963), «Ішоў салдат, ішоў...» (1970), «Лазня» (1975), «Будаўнікі метро» (1979), «Салдаты 1943 года» (1981), «Мінск наш» (1992), «3 чэрвеня 1944» і «Вуліца Танкавая» (1994), шэраг лірычных пейзажаў і партрэтаў.
Н.М.Бараноўская.
т. 2, с. 299
БАРАНО́ЎСКІ Ян Юзаф
(7.9.1805, г.п. Смілавічы Мінскай вобласці — 30.3.1888),
фінансіст, вынаходнік. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1821), Віленскі ун-т (1826) са ступенню канд. права. З 1827 служачы ў Польскім банку, пазней — у банках Францыі, з 1843 інспектар бухгалтэрыі чыгункі Парыж—Руан—Гаўр. На сусв. выстаўках у Парыжы (1849) узнагароджаны медалём за такс-машыну для кантролю праязных білетаў, у Лондане (1851) вял. медалём за машыну для друку і кантролю чыг. білетаў. Распрацаваў сістэму аўтам. сігналізацыі на чыгунцы. Аўтар праекта нар. франц. пазыкі. Склаў англ.-польскі навук.-тэхн. слоўнік.
В.А.Гапоненка.
т. 2, с. 299
БАРА́НСКІ Мікалай Мікалаевіч
(27.7.1881, г. Томск, Расія — 29.11.1963),
сав. эканоміка-географ. Герой Сац. Працы (1963). Чл.-кар. АН СССР (1939). Праф. (1929). Выкладаў у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па эканам. геаграфіі СССР і замежных краін, тэорыі і метадалогіі эканам. геаграфіі і эканам. картаграфіі. Распрацаваў раённы кірунак у сав. эканам. геаграфіі. Аўтар шэрагу падручнікаў. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 2, с. 299
БАРА́НСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі з 1873 каля маёнтка Барань (цяпер горад Віцебскай вобл.). Выпускаў дрот, кастылі, цвікі, мэблевыя спружыны, шыны, вінты, шайбы. Меў паравы кацёл. У 1908 з-д згарэў. У 1909—10 пабудаваны цагляныя карпусы, устаноўлена замежнае абсталяванне, з-д пачаў выпускаць абівачныя цвікі, ручны тэкс і інш. вырабы для абутковай прам-сці. У 1913 працавалі 350 рабочых, 3 вадзяныя і 3 газагенератарныя рухавікі. У 1-ю сусв. вайну выпускаў калючы дрот і інш. прадукцыю для фронту. З 1921 з-д «Чырвоны Кастрычнік», рэканструяваны і расшыраны. У 1941 абсталяванне з-да эвакуіравана ў г. Благавешчанск (Башкірыя).
т. 2, с. 299