БАРСУКІ́,
вёска ў Беларусі, у Докшыцкім с/с Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 4 км на ПнЗ ад Докшыц, 195 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Порплішча. 560 ж., 192 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 318
БАРСУКІ́,
вёска ў Беларусі, у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 5 км на З ад г.п. Карма, 86 км ад Гомеля, 48 км ад чыг. ст. Рагачоў, 9 км ад прыстані Карма на р. Сож. 593 ж., 194 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 2, с. 318
БАРСУКІ́,
вёска ў Беларусі, у Паўлавіцкім с/с Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці. Цэнтр с.-г. калектыўнага прадпрыемства «Ніва». За 12 км на Пд ад г.п. Кіраўск, 103 км ад Магілёва, 35 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 348 ж., 115 двароў (1995). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 2, с. 318
БАРСУКІ́,
бел. майстры маст. ткацтва Слуцкай мануфактуры ў 18 — 1-й пал. 19 ст. Іосіф, майстар-ткач слуцкіх паясоў. У 1750-я г. вучыўся майстэрству ствараць залататканыя паясы ў Я.Маджарскага (гл. Маджарскія). Васіль, майстар маст. ткацтва. У 2-й пал. 18 ст. гал. майстар Слуцкай мануфактуры. Фама, кіраўнік Слуцкай мануфактуры (1807—44). У перыяд яго кіраўніцтва акрамя слуцкіх паясоў ствараліся ўзорыстыя і залататканыя тканіны.
М.С.Кацар.
т. 2, с. 318
БАРСУКІ́ Вялікія і Малыя, пяскі Вялікія Барсукі, пяскі Малыя Барсукі, пясчаныя пустыні ў Казахстане, мерыдыянальна выцягнутыя ў выглядзе дзвюх доўгіх і вузкіх палос на Пн ад Аральскага м. Вялікія Барсукі даўж. каля 200 км, Малыя Барсукі — каля 100 км. Выш. каля 100 м. Складзены з палеагенавых і антрапагенавых алювіяльных пяскоў. Пяскі месцамі ўтвараюць узгоркі, грады і барханы. На выраўнаваных прасторах пераважаюць ксерафітныя хмызнячкі, палыны, салянкі і эфемеры; на схілах узгоркаў і град — ксерафітныя хмызнякі. Выкарыстоўваюцца як паша.
т. 2, с. 318
БАРСУКО́Ў Міхаіл Іванавіч
(11.1.1890, Масква — 5.4.1974),
гісторык медыцыны, адзін з першых арганізатараў аховы здароўя ў СССР, дзярж. дзеяч Беларусі. Праф. (1952). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). Кіраўнік Медыка-сан. аддзела Петраградскага ВРК (1917). Удзельнік стварэння Чырв. Крыжа (1918). У 1924—30 нарком аховы здароўя БССР, адначасова на мед. ф-це БДУ. З 1945 на навук. рабоце. Навук. працы па гісторыі і тэорыі аховы здароўя ў СССР, гісторыі ваен. медыцыны, Чырв. Крыжа.
т. 2, с. 318
БАРТ
(Barth) Генрых (16.2.1821, Гамбург — 25.11.1865),
нямецкі гісторык, філолаг, географ-падарожнік. Праф. Берлінскага ун-та і старшыня Геагр. т-ва ў Берліне (1863). Адзін з першых навук. даследчыкаў Афрыкі. У 1849—55 прымаў удзел у англ. навукова-гандл. экспедыцыі Дж.Рычардсана ў Судан. Двойчы перасек Сахару, даследаваў шэраг аазісаў, плато Аір і Дамергу, басейн воз. Чад, р. Бенуэ і Сярэдні Нігер, сабраў багаты геагр., гіст., этнагр. і лінгвістычны матэрыял. Вывучаў таксама Балканскі п-аў і Малую Азію.
т. 2, с. 319
БАРТ
(Barth) Карл (10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),
швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.Лютэра і Ж.Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.Брунер, Р.Бультман, Р.Нібур, П.Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.
В.П.Оргіш.
т. 2, с. 319
БА́РТАК
(Bartók) Бела (25.3.1881, Надзьсентміклаш, Венгрыя, цяпер г. Сынікалаў-Марэ, Румынія — 26.9.1945),
венгерскі кампазітар, піяніст, музыказнаўца-фалькларыст. Скончыў Будапешцкую муз. акадэмію па класах фп. і кампазіцыі (1903), у 1907—34 яе прафесар. У 1920—30-я г. выступаў як піяніст у краінах Еўропы, у ЗША, СССР. З 1940 у ЗША. Збіраў і вывучаў венг. сялянскую песню, рум., славацкі, серб., харвацкі, зах.-ўкр. фальклор (больш за 30 тыс. узораў); аўтар навук. прац. На аснове фальклору склаўся самабытны дынамічны муз. стыль Бартака, які арганічна спалучыў стараж. квартава-пентатонную аснову венг. сял. песні з найноўшымі муз.-выразнымі сродкамі прафес. музыкі, узбагаціў яе метрарытмічную і тэмбравую палітру. У творах 1910—20-х г. выкарыстоўваў наватарскія элементы дадэкафоніі, атанальнасць, політанальнасць і інш. Сярод твораў: опера «Замак герцага Сіняя Барада» (паст. 1918), балеты «Драўляны прынц» (1917) і «Цудоўны мандарын» (1926); сімф. паэма «Кошут» (1903); Танц. сюіта (1923); Музыка для струнных, ударных і чэлесты (1936); Дывертысмент для струннага аркестра (1939), Канцэрт для арк. (1943), 3 фп. і 2 скрыпічныя канцэрты; 6 струнных квартэтаў; Саната для 2 фп. і ўдарных інстр.; фп. цыкл «Мікракосмас»; хары а капэла і з фп.; цыклы песень і інш. Прэмія імя Л.Кошута 1948.
Літ.:
Уйфалуши Й. Бела Барток: Жизнь и творчество: [Пер. с венг.] Будапешт, 1971;
Pethö B. Bartók rejtekùtja. Budapesht, 1984.
т. 2, с. 319