БАЛО́ТНА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
гл. Падзоліста-балотныя глебы.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІК,
вадзяная зорачка (Callitriche), род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балтнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
т. 2, с. 259
БАЛО́ТНІКАЎ Іван Ісаевіч
(? — 1608),
кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНІКАЎ Пётр Рыгоравіч
(н. 8.3.1930, в. Зіноўкіна Чырвонаслабодскага р-на, Мардовія),
расійскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1959). Скончыў ін-т фіз. культуры ў Маскве (1967). Алімп. чэмпіён (1960, Рым), чэмпіён Еўропы 1962, СССР у 1957—62, 1964, рэкардсмен свету ў 1960—63 у бегу на 5 і 10 тыс. м. Прэзідэнт Цэнтр. савета т-ва «Спартак», трэнер-выкладчык (да 1993).
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНІЦА,
сітнёг (Eleocharis), род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі 7 відаў — балотніца балотная (Eleocharis palustris), іголкавая (Eleocharis acicularis), аўстрыйская (Eleocharis austriaca), сасочкавая (Eleocharis mamillata), яйцападобная (Eleocharis ovata), пяцікветкавая (Eleocharis quinqueflora), адналускавая (Eleocharis uniglumis). Растуць па берагах вадаёмаў, на сырых лугах, нізінных балотах, утвараюць зараснікі.
Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны з каранёвым валасніком або паўзучымі карэнішчамі. Сцябло голае, негалінастае, бязлістае, гладкае ці слабабаразнаватае, з 1—3 ці некалькімі лускападобнымі лістамі каля асновы. Каласкі адзіночныя, цыліндрычныя, канцавыя. Кветкі дробныя, двухполыя Плод арэшкападобны. Кармавыя і харч. расліны.
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ,
тарфяныя воды, утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
т. 2, с. 260
БАЛО́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія ўтвараюцца ва ўмовах працяглага або пастаяннага пераўвільгатнення пад вільгацелюбівай расліннасцю ў розных геагр. зонах. Пашыраны на Беларусі, у Расіі, Канадзе, ЗША, Бразіліі, Аргенціне, Інданезіі і інш. краінах. Фарміруюцца пераважна ў выніку забалочвання сушы. Характэрна агляенне, часта трапляюцца тарфяныя гарызонты. Гал. асаблівасць глебаўтваральнага працэсу — намнажэнне торфу. Ніжняя мяжа глебавага профілю прыблізна супадае з глыбінёй, да якой летам апускаюцца глебавыя воды (ад 30 да 50—80 см і больш). Паводле профілю падзяляюцца на тарфяна-балотныя глебы, глеявата-балотныя і лугава-балотныя (усе ёсць на Беларусі).
т. 2, с. 260