Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БАРКІ́,

балота ў Беларусі, гл. Карэлічы.

т. 2, с. 308

БАРКІ́,

курганны могільнік крывічоў (8—9 ст.), гарадзішча жал. веку і селішча 11—12 ст. каля в. Баркі Полацкага р-на. На могільніку даследавана 9 курганоў, у т. л. доўгі. Пахавальны абрад — трупаспаленне пад насыпам на грунце. У шэрагу выпадкаў рэшткі крэмацыі змешчаны ў ямцы, накрытай гаршком. Знойдзены ўпрыгожанні (бронзавыя падвескі, грыўня, бранзалеты, шкляныя пацеркі і інш.), ляпныя гаршкі. Доўгі курган — пусты (кенатаф).

т. 2, с. 308

БАРКІСІМЕ́ТА (Barquisimeto),

горад на ПнЗ Венесуэлы. Адм. ц. штата Лара. Засн. ў 1552. 602,6 тыс. ж., з прыгарадамі 0,9 млн. ж. (1993). Трансп. вузел. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цукр. трыснёг, кава, збожжа, сізаль, жывёлагадоўля). Тэкст., харч., цэм., гарбарна-абутковая, металаапр. прам-сць. Політэхн. ун-т.

т. 2, с. 309

БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),

расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.​Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл. Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен. міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак.вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра I у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.

Літ.:

Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;

Тотфалушин В.П. М.​Б.​Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.

М.Б.Барклай дэ Толі.

т. 2, с. 309

Баркла Чарлз

т. 18, кн. 1, с. 344

БАРКО́ЎСКІ (Віктар Іванавіч) (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),

рускі мовазнавец. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-р філал. н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш. пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АН СССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АН СССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформы бел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.​Ф.​Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).

Літ.:

Список печатных трудов В.​Н.​Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.

І.​К.​Германовіч.

В.І.Баркоўскі.

т. 2, с. 309

БАРКО́ЎСКІ (Дунін Альфонс) (1850, в. Плянта, Брэсцкая вобласць — 1905),

бел. жывапісец. Вучыўся ў Варшаўскай рысавальнай школе, у Кракаўскай майстэрні Я.​Матэйкі (1882—85). З 1888 жыў на радзіме, стварыў шэраг пейзажаў. У 1896—98 працаваў у вёсках Быкавізна, Свілы Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл., пісаў партрэты і карціны на рэліг. сюжэты для пахавальні сям’і Козел-Паклеўскіх. Найб. вядомы як аўтар жанравых карцін «Хворая жанчына» (1893), «Мыта на Беларусі» (1899), «Паляванне на мядзведзя», «Лоўля рыбы восцямі».

М.​М.​Яніцкая.

т. 2, с. 309

БАРКО́ЎСКІ (Леанід Мацвеевіч) (н. 13.6.1938, Мінск),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960). З 1961 у БДУ. Навук. працы ў галіне хвалевай фізікі. Распрацаваў метад эвалюц. аператараў для рашэння прамых і адваротных задач у оптыцы і акустыцы крышталёў.

Тв.:

О тензоре показателей преломления в кристаллооптике // Кристаллография. 1976. Т. 21. № 3;

Операторы Коши и лучевые операторы в геометрооптике анизотропных сред (разам з Фо Тхі Нгует Хангам) // Оптика и спектроскопия. 1991. Т. 70. № 1.

т. 2, с. 309

БАРКО́ЎСКІ (Мікалай Нічыпаравіч) (н. 11.3.1944, Мінск),

бел. габаіст. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконвае сола ў оперных і балетных спектаклях («Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Аіда» Дж.​Вердзі, «Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева і інш.).

т. 2, с. 309

БАРКО́ЎСКІ (Сцяпан Андрэевіч) (10.4.1905, г. Слуцк — 11.6.1966),

бел. этнограф, літ. крытык. Скончыў БДУ (1926). Працаваў у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АН Беларусі (1926—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Працаваў у лагерах Краснаярскага краю, Сярэдняй Азіі, Казахстана. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—66 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Друкаваўся з 1925. Аўтар артыкулаў па гісторыі, фальклоры, этнаграфіі, краязнаўстве, бел. л-ры, даследавання «Першае мая на Беларусі» (1927, 3-е выд. 1932). Складальнік альбома бел. нар. набіванак, кн. твораў В.​Маракова, В.​Каваля, А.​Дудара, М.​Нікановіча.

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 309