Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д ГАНДЛЁВАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1946 як рамонтна-мех. з-д, з 1963 з-д гандл. машынабудавання. З 1976 галаўное прадпрыемства ВА «Беларусьгандальмаш». У 1983—86 расшыраны. Спецыялізуецца на выпуску тэхнал. абсталявання для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. Асн. прадукцыя (1995): гандл. абсталяванне (у тым ліку модулі), машыны для перапрацоўкі мяса, гародніны і цеста, мясарубкі, бульбачысткі, медагонкі, працірачныя і інш. машыны, лініі па вырабе каўбас, шафы і вітрыны халадзільныя, тавары нар. ўжытку.

т. 2, с. 294

БАРА́НАВІЦКІ ЗАВО́Д СТАНКАПРЫЛА́Д.

Створаны ў г. Баранавічы ў 1946 як арцель «Чырвоны металіст». Рамантавала веласіпеды, прымусы, гадзіннікі і пішучыя машынкі, выпускала электраматоры і інш. З 1955 з-д станкапрылад, выпускае і распрацоўвае (з 1966) абсталяванне для станкабуд. прам-сці. З 1994 адкрытае акц. т-ва. Асн. цэхі: мех., зборна-малярны, кавальска-тэрмічны, пнеўмапатронаў, рамонтна-мех., інструментальны, ліцейны ўчастак. Выпускае (1995): ціскі станочныя, патроны такарныя 3-кулачковыя з ручным і механізаваным прыводамі, сталы паваротныя, круглыя з ручным і механізаваным прыводамі, гарызантальна-вертыкальныя, электрамех. заціскальныя галоўкі, пілы, тэрмапластааўтаматы, дрылі ручныя і інш.

С.А.Казак-Антаневіч.

т. 2, с. 294

БАРА́НАВІЦКІ КАМБІНА́Т СЯНА́ЖНЫХ ВЕ́ЖАЎ.

Створаны ў 1972 у г. Баранавічы. Уключае Упраўленне вытворча-тэхнал. комплексам і 4 тэрытарыяльныя ПМК. Працуюць цэхі па вытв-сці металаканструкцый і бетонных блокаў. Ажыццяўляе буд-ва сянажных вежаў і сховішчаў рознага с.-г. Прызначэння.

т. 2, с. 294

БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за З6 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).

С.А.Шчарбакоў.

т. 2, с. 294

БАРА́НАВІЦКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза. Засн. ў 1959 у Баранавічах як тэхнал. тэхнікум, з 1993 — цяперашняя назва. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання, тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі расліннай сыравіны, машыны і апараты харч. вытв-сці. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 2, с. 295

БАРА́НАВІЦКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1940—55 у г. Баранавічы. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х кл. агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы і л-ры, фіз.-матэм., прыродазнаўча-геагр., гіст., вячэрняе, з 1944/45 навуч. г. падрыхтоўчае і завочнае. Працавалі кафедры гісторыі, педагогікі і псіхалогіі, рус. і бел. мовы, рус. і бел. л-ры, прыродазнаўства і геаграфіі, фізікі, матэматыкі, фіз. выхавання, марксізму-ленінізму.

т. 2, с. 295

БАРА́НАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1919—40. Утвораны 6.2.1919 у складзе Мінскай губ. Цэнтр — г. Баранавічы. Пл. 3497 км², нас. 124,2 тыс. чал. (1922). Уключаў 6 валасцей (Востраўская, Гарадзішчанская, Дараўская, Крывошынская, Навамышская, Сталовіцкая), у 1920 увайшлі яшчэ 4 воласці (Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Чэрніхаўская, Ястрамбельская). З сак. 1921 у складзе Польшчы ў Навагрудскім ваяв., падзяляўся на гміны (б. воласці). З ліст. 1939 Баранавіцкі павет у складзе БССР, са снеж. ў Баранавіцкай вобласці, дзе ў студз. 1940 на тэр. паветаў утвораны раёны.

т. 2, с. 295

БАРА́НАВІЦКІ ПАКРО́ЎСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1924—31 у г. Баранавічы. Мураваны крыжова-купальны храм з 3 паўкруглымі апсідамі. Да асн. квадратнага ў плане аб’ёму (перакрыты вял. купалам) прымыкае 3-ярусная вежа-званіца, завершаная шлемам са шпілем. Бакавыя фасады вылучаны ўваходамі з 3-калоннымі порцікамі, увянчаны трохвугольнымі франтонамі. Вокны і нішы разнастайнай формы з прафіляванымі абрамленнямі. Сабор упрыгожваюць 7 з 16 мазаічных кампазіцый з сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве: «Маці Божая з дзіцем» (маст. В.Васняцоў), «Сабор архістратыга Міхаіла», «Маці Божая з анёламі» (маст. М.Бруні), «Спас з данатарам» і «Дэісус» (маст. М.Кошалеў), партрэтныя выявы Іосіфа Волацкага і мітрапаліта Аляксія (маст. В.Думітрашка). Кампазіцыі на кардонах (простым і адваротным наборам шліфаванай смальты) выкананы ў 1902—11 у майстэрні У.Фралова ў Пецярбургу.

Г.М.Ярмоленка.

т. 2, с. 295

БАРА́НАВІЦКІ РАЁН,

на Пн Брэсцкай вобласці Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Навамышскі, з 1957 Баранавіцкі раён. Пл. 2,2 тыс. км². Нас. 52,8 тыс. чал. (1995), гарадскога 5%. Сярэдняя шчыльн. 24 чал./км². Цэнтр — г. Баранавічы; гар. пас. Гарадзішча, 244 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 21 сельсавет: Велікалуцкі, Вольнаўскі, Гірмантаўскі, Жамчужненскі, Карчоўскі, Каўпеніцкі, Крошынскі, Ляснянскі, Малахавецкі, Мілавідскі, Моўчадскі, Мядзеневіцкі, Навамышскі, Падгорнаўскі, Паланэчкаўскі, Палонкаўскі, Пачапаўскі, Петкавіцкі, Сталовіцкі, Уцёскі, Цешаўлянскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Навагрудскага ўзвышша і Баранавіцкай раўніны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 180—240 м, самы высокі пункт 267 м (каля в. Зялёнае). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 630 мм за год. Вегетац. перыяд 193 дні. Найб. рака — Шчара з прытокамі Мышанка, Лахазва, Іса, на Пнр. Сэрвач, на ПнЗ — Моўчадзь. Вадасховішча Гаць. Азёры Калдычэўскае і Дамашэўскае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 33% тэрыторыі, найб. масівы на ПдЗ і З. Пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя лясы. Балотаў 18,7 тыс. га, амаль усе нізінныя, часткова асушаныя. На тэр. раёна біял. заказнік Баранавіцкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 94,2 тыс. га, з іх асушана 18,6 тыс. га. На 1. 1.1995 у раёне 19 калгасаў і 11 саўгасаў, 5 птушкафабрык, 1 міжгасп. прадпрыемства. Асн. с.-г. галіны: мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінагадоўля, авечкагадоўля), птушкагадоўля, бульбаводства; вырошчваюць цукр. буракі, збожжавыя, лён, агародніну. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы садовых домікаў), харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Брэст—Мінск, з Баранавіч на Ліду, Слуцк, Лунінец, Слонім; аўтадарогі Брэст—Мінск, Кобрын—Івацэвічы—Стоўбцы, Баранавічы—Слонім—Гродна, з Баранавіч на Навагрудак, Ляхавічы, Нясвіж. У раёне тэхнікумы тэхналагічны і лёгкай прам-сці, вучылішчы медыцынскае, музычнае, педагагічнае; ПТВ, 18 базавых, 26 сярэднеагульнаадук. школ, дзіцячая спарт. школа, 35 дашкольных устаноў, 67 б-к, 5 бальніц. Зоны адпачынку: турбаза «Лясное возера», дзіцячы аздараўленчы цэнтр «Дружба». Помнікі прыроды: Карчоўскія дубы-блізняты, Камень філарэтаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Сэрца Ісуса (19—20 ст.), царква Іаана Хрысціцеля (18 ст.) у в. Сталовічы; палац кн. Канстанціна Радзівіла (канец 18 ст.пач. 19 ст.), Юр’еўскі касцёл (19 ст.) у в. Паланэчка; Праабражэнскі касцёл (пач. 19 ст.) і Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Новая Мыш; Крыжаўзвіжанская царква і касцёл (18 ст.) у г.п. Гарадзішча. Мемарыяльная капліца на месцы Мілавідскай бітвы 1863 каля в. Мілавіды. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Выдаецца газета «Наш край».

С.І.Сідор.

т. 2, с. 295

БАРА́НАВІЦКІ ТЭ́ХНІКУМ ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ імя В.Я.Чарнышова. Засн. ў 1960 у г. Баранавічы, імя В.Я.Чарнышова з 1970. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў, тэхналогія тканіны, трыкатажу і нятканых матэрыялаў, ткацкая і трыкат. вытв-сць, прадзенне бавоўны і хім. валокнаў, тэхн. абслугоўванне і рамонт абсталявання швейнай вытв-сці. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 2, с. 296