Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́НТКЕ

(Bandtkie) Ежы Самуэль (24.11.1768, г. Люблін, Польшча — 11.6.1835),

польскі гісторык, бібліёграф, мовазнавец. Д-р філасофіі (1811). Вучыўся ў Гальскім і Іенскім ун-тах (1787—90). Служыў гувернёрам, выкладаў у сярэдніх навуч. установах. З 1811 праф. бібліяграфіі Кракаўскага ун-та, дырэктар Ягелонскай б-кі, дзе ўпарадкаваў б. езуіцкія зборы (каля 15 тыс. тамоў). Аўтар прац па гісторыі Польшчы і ВКЛ, гісторыі права, нумізматыцы, слав. мовазнаўстве. У працах, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ, прывёў даныя пра бел. стараж. выданні, асвятляў дзейнасць бел. першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш.

т. 2, с. 282

БА́НТУ,

група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн. чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).

т. 2, с. 283

БАНТУСТА́Н,

хоўмленд, псеўдадзяржаўнае ўтварэнне ў перыяд расісцкага праўлення на тэр. Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Дыскрымінацыйная форма ажыццяўлення палітыкі апартэіду з мэтай сегрэгацыі афр. насельніцтва па племянных, тэр., прац. адзнаках і аслаблення фронту нац.-вызв. барацьбы. На 1981 у ПАР існавала 10 бантустанаў, якія фактычна былі яе ўнутр. калоніямі і займалі 13% тэрыторыі, дзе пражывала 75% насельніцтва краіны.

т. 2, с. 283

БА́НТЫНГ

(Banting) Фрэдэрык Грант (14.11.1891, Алісан, прав. Антарыо, Канада — 22.2.1941),

канадскі фізіёлаг. Праф. (1923). Скончыў Таронта ун-т (1910). З 1921 працаваў у ім жа, з 1930 узначальваў Аддзел мед. даследаванняў. Навук. працы па фізіялогіі стрававання, абмену рэчываў і ўнутр. сакрэцыі. Займаўся пытаннямі патагенезу і лячэння рака, каранарнага трамбозу, сілікозу. Адкрыў і атрымаў у чыстым стане інсулін. Нобелеўская прэмія 1923 (разам з Дж.Маклеадам).

т. 2, с. 283

БАНТЫ́Ш-КАМЕ́НСКІ Мікалай Мікалаевіч

(27.12.1737, г. Нежын, Украіна — 1.2.1814),

украінскі і рас. гісторык, архівіст, археограф. Вучыўся ў Кіеўскай (1745—54) і Маскоўскай (1754—58) духоўных акадэміях, Маскоўскім ун-це (1758—62). З 1783 кіраўнік Маскоўскага архіва Калегіі замежных спраў. Даследаванні і публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі Расіі. Гал. твор — «Агляд знешніх зносін Расіі (да 1800 г.)» (ч. 1—4, 1894—1902). У 1813 падрыхтаваў да друку 1-ы т. «Збору дзяржаўных грамат і дагавораў» і заўвагі да яго. Аўтар падручнікаў.

т. 2, с. 283

БАНФ

(Banff),

бальнеакліматычны курорт у Канадзе. На ПнЗ ад г. Калгары, на схілах Скалістых гор. Горны клімат і тэрмальныя сульфідныя воды. Шматлікія гасцініцы, матэлі, кемпінгі. Буйны цэнтр турызму і адпачынку. Месца правядзення карнавалаў, спаборніцтваў па зімовых відах спорту, міжнар. канферэнцый, фестываляў мастацтваў; цэнтр першага ў Канадзе нац. парку Банф (з 1885, пл. 660 тыс. га).

т. 2, с. 283

БА́НЦАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў, якія ў 6—8 ст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні. Назва ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на Пн Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепрадзвінскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры.

т. 2, с. 283

БА́НЦАРАЎШЧЫНА,

гарадзішча жалезнага веку на беразе р. Свіслач каля былой в. Банцараўшчына Мінскага р-на. Пляцоўка авальная (55 х 35 м), з Пн і ПнЗ умацавана 2 валамі выш. каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) адносіцца да штрыхаванай керамікі культуры, верхні — 6—8 ст. (ад яго атрымала назву банцараўская культура). Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.

т. 2, с. 283

БАНЧ

(Bunche) Ральф Джонсан (7.8.1904, г. Дэтройт, ЗША — 9.12.1971),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ЗША. Адукацыю атрымаў у Каліфарнійскім і Гарвардскім ун-тах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Хартыі Аб’яднаных Нацый (1944). У студз. 1946 дэлегат ад ЗША на 1-й сесіі Ген. Асамблеі ААН. З 1947 супрацоўнік ААН (у 1967—71 нам. Ген. сакратара). Спрыяў падпісанню мірных араба-ізраільскіх пагадненняў (1949), у час Суэцкага крызісу (1956) узначальваў сілы ААН у Егіпце, прымаў удзел ва ўрэгуляванні ваен. канфлікту паміж Індыяй і Пакістанам (1965). Узначальваў марш за грамадз. правы (1965), арганізаваны М.Л.Кінгам. Нобелеўская прэмія міру 1950.

т. 2, с. 283

БАНЬКО́ЎСКІ Фелікс

(1873, в. Андропава Кобрынскага р-на Брэсцкай вобласці — 1922),

інжынер-тэхнолаг. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т, Львоўскую політэхн. акадэмію (1899). Займаўся пытаннямі газіфікацыі прамысл, аб’ектаў. З 1901 працаваў упраўляючым газавай станцыі ў г. Яраслаўль, потым — у г. Люблін. З 1919 узначальваў дэпартамент Мін-ва буд-ва Польшчы.

В.А.Гапоненка.

т. 2, с. 283