БАБРУ́ЙСКАЯ АБАРО́НА 1812,
дзеянні рус. войскаў па абароне і прыкрыцці Бабруйскай крэпасці ў час вайны 1812. Крэпасць была важным апорным пунктам рус. арміі на шляху паўд. фланга напалеонаўскага войска. Франц. 17-я пях. дывізія Я.Г.Дамброўскага і інш. часці (усяго каля 12 тыс. чал.) 4 вер. блакіравалі Бабруйск, перакрыўшы дарогі ў крэпасць, гарнізон якой налічваў каля 5 тыс. чал. Спроба рус. атрадаў Баранава і Дрэева прарвацца ў крэпасць з боку Жлобіна не мела поспеху. Але гал. сілы рус. корпуса Ф.Ф.Эртэля (каля 5 тыс. чал.) выбілі 14 вер. з Глуска слабы польскі гарнізон і рушылі на Бабруйск. У баі каля в. Гарбацэвічы 15 вер. рус. часці перамаглі, але Эртэль не развіваў наступлення, а, знішчыўшы франц. склады ў Глуску і ваколіцах, вярнуўся ў Мазыр. Дамброўскі, які быў вымушаны прыкрываць мінскі напрамак, 12 кастр. фактычна зняў блакаду і адышоў на Ігумен (сучасны Чэрвень). За час блакады крэпасць выконвала функцыю ўмацаванага фарпоста рус. арміі.
т. 2, с. 187
БАБРУ́ЙСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 14,5 тыс. км², нас. 499,8 тыс. чал. (1924). У 1924—27 уключала 12 раёнаў (Асіповіцкі, Бабруйскі 1-ы і 2-і, Буда-Кашалёўскі, Гарадзецкі, Глускі, Жлобінскі, Клічаўскі, Парыцкі, Рагачоўскі, Свіслацкі, Стрэшынскі), 3 гарады (Бабруйск, Жлобін, Рагачоў), 4 мястэчкі (Асіповічы, Глуск, Парычы, Стрэшын), 145 сельсаветаў. На працягу 1927 у складзе Бабруйскай акругі са скасаванай Слуцкай акругі перададзены Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі р-ны; Бабруйскія 1-ы і 2-і р-ны аб’яднаны ў адзіны Бабруйскі р-н, Гарадзецкі і Стрэшынскі скасаваны, Буда-Кашалёўскі р-н перададзены ў склад Гомельскай акругі. Акр. газ. «Камуніст». 26.7.1930 Бабруйская акруга скасавана.
т. 2, с. 187
БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
т. 2, с. 187
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай вабл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
т. 2, с. 187
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ,
Бабруйскае староства, дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр. сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. 3 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв. Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс. сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
В.Л.Насевіч.
т. 2, с. 188
БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.
Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.
т. 2, с. 188
БАБРУ́ЙСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,
установа ордэна езуітаў у 17—18 ст. У пач. 17 ст. місіянерскую дзейнасць па прапагандзе каталіцызму ў Бабруйску пачалі манахі Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1618 яны замацаваліся тут, у 1630 узнікла іх рэзідэнцыя. Гар. староста П.Трызна перадаў езуітам маёнткі Гарбацэвічы, Рыня, Устайла, пабудаваў для іх дом у Бабруйску і перадаў 7500 фларэнаў, атрыманых пад заклад маёнтка Кісялевічы. У 1638 нашчадкі Трызны аддалі езуітам в. Дваранавічы з ўніяцкай царквой, пабудавалі касцёлы ў вёсках Гарбацэвічы і Шацілкі, якія ў 1643 падараваў ордэну шляхціц П.Суляціцкі. Гэта дало магчымасць езуітам адкрыць тут місіянерскія пункты. У час антыфеад. вайны 1648—51 рэзідэнцыя прыйшла ў заняпад. У 1681 адноўлена дзейнасць іх школ. У час Паўн. вайны 1700—21 яна неаднаразова спыняла сваю дзейнасць. З 1720 пры рэзідэнцыі быў прытулак для збяднелай шляхты. Закрыта ў 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рэчы Паспалітай.
Т.Б.Блінова.
т. 2, с. 188
БАБРУ́ЙСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў 1916—19 у Бабруйску. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. У 1916 навучаліся 34 выхаванкі. Выкладаліся прадметы: рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы і інш. У 1918/19 навуч. г. ўведзена беларусазнаўства, польск. мова, гігіена. Пры семінарыі было ўзорнае пач. вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. З кастр. 1918 — пяцікласная, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай прац. школы 1-й ступені. Пераўтворана ў 3-гадовыя пед. Курсы.
т. 2, с. 188
БАБРУ́ЙСКАЯ КАНДЫ́ТАРСКАЯ ФА́БРЫКА «ЧЫРВО́НЫ ХАРЧАВІ́К».
Засн. ў 1870 у г. Бабруйск як дражджавы з-д. З 1931 спецыялізуецца на вырабе пасцілы, павідла, мармеладу. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1951 пабудаваны літаграфскі ўчастак, у 1959 — халвічны, у 1973 — мармеладны. У 1987 рэканструявана, пушчаны гал. вытв. і падрыхтоўчы цэхі. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Чырвоны харчавік». Асн. прадукцыя (1995): мармелад, зефір, ірыс, дражэ, халва.
т. 2, с. 188
БАБРУ́ЙСКАЯ КЕРАМІ́КА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйска. Промысел вядомы з даўніх часоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Бабруйску працавала каля 60 майстроў. Выраблялі дымленыя (т.зв. сінія), з 1930-х г. паліваныя рэчы. Акрамя сталовага, кухоннага, тарнага посуду выраблялі дэкар. дробную пластыку, цацкі. Своеасаблівасць маст. аблічча бабруйскай керамікі вызначалі мясц. сыравіна, майстэрства рамеснікаў, тэхнал. ўзровень вытворчасці. Бабруйскую кераміку вылучаюць прапарцыянальны строй і прыёмы фармоўкі, спалучэнне бясколерных празрыстых глазураў з багатым каларытам светла-чырвоных глін, сціплае дэкарыраванне адводкамі і штампікамі, асаблівасці ў канструкцыі накрывак і ручак. У Бабруйску працуе цэх маст. керамікі, дзе акрамя ганчарнага спосабу фармоўкі існуе адліўка і прасаванне, наладжаны выпуск рэчаў з ангобнай размалёўкай.
У.В.Угрыновіч.
т. 2, с. 189