ЛУЖАСНЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ імя Ф.А.Сурганава. Засн. ў 1909 у в. Лужасна Віцебскага р-на як ніжэйшае с.-г. вучылішча. З 1920 с.-г. школа 2-й ступені, з 1928 с.-г. школа тэхнічных культур, з 1929 тэхнікум па тэхн. культурах, з 1930 дзярж. с.-г. ільно-пяньковы тэхнікум, з 1965 с.-г. тэхнікум. У 1977 прысвоена імя Сурганава. У 1993—96 саўгас-тэхнікум. З 1.6.1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аграномія, заатэхнія, ветэрынарыя. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Працуе школа павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна. Мае дэндрапарк, музей тэхнікума, спортбазу.

т. 9, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛО́НАЎ (Яўген Піліпавіч) (1875, Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 23.12.1929),

ветэрынарны ўрач, заснавальнік навук. ветэрынарыі на Беларусі. Герой працы (1924). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1903). У 1913 арганізаваў першую на Беларусі вет. лабараторыю ў Віцебску, у 1914 — экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губ. Заснавальнік і з 1924 рэктар Віцебскага вет. ін-та, адначасова кіраўнік Вет. ўпраўлення Наркамата земляробства БССР. Навук. працы па аналізе вет.-сан. стану і прычынах хвароб с.-г. жывёлы на Беларусі. Ініцыятар распрацоўкі «Ветэрынарнага статута БССР», заснавання віцебскіх вет.-заалагічнага музея (1918), бат. сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі (1924).

Тв.:

Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903—1910). Витебск, 1912.

Літ.:

Вышелесский С. Е.​Ф.​Алонов // Бел. ветэрынарыя. 1929. № 10—12;

Сипко Н.Г. Ветеринарное образование в Белоруссии // Ветеринария. 1967. № 6.

т. 1, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)