Сістэматычныя даследаванні па калоіднай хіміі на Беларусі пачаліся з 1924 у БДУ, з 1932 вяліся ў Ін-це хіміі (з 1959 Ін-т агульнай і неарганічнай хіміі) АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.Ф.Ярмоленкі. Шырокія па ахопе праблем тэорыі і практыкі калоіднай хіміі даследаванні тых гадоў (вывучэнне тыксатрапіі і каагуляцыі калоідных сістэм, набракальнасці каўчукападобных палімераў, адсарбцыйных і каталітычных уласцівасцей прыродных адсарбентаў і глін; сінтэз і мадыфікацыя ўласцівасцей цэалітападобных структур; фізіка-хім. заканамернасці асадкаў гідраксідаў і аксідаў металаў і іх седыментацыйнай устойлівасці) атрымалі працяг у акадэмічных і навуч. установах хім. профілю — Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі і Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це, Магілёўскім ун-це харчавання, Гомельскім тэхн. ун-це і інш.
У галінесарбентаў і сарбцыйных працэсаў распрацаваны метады актывацыі і мадыфікацыі ўласцівасцей прыродных глін і інш. мінералаў (У.С.Камароў), прыродных арганічных калоідаў і комплексаў гумінавых кіслот (І.І.Ліштван), асновы сінтэзу саасаджаных адсарбентаў з высокай тэрмічнай стабільнасцю ў прысутнасці арганічных і неарганічных мадыфікатараў (А.І.Рацько). У кірунку вывучэння механізму дзеяння і сінтэзу паверхнева-актыўных рэчываў прапанаваны змены рэжымаў выкарыстання і новыя рэагенты ў якасці збіральнікаў і дэпрэсантаў, што значна павялічыла эфектыўнасць флатацыйнага абагачэння калійных руд Старобінскага радовішча (Х.М.Александровіч, Ф.Ф.Мажэйка); даследаваліся стабілізацыя калоідных сістэм на фоне канцэнтраваных раствораў электралітаў, атрыманне воднабітумных эмульсій (М.П.Круцько), высокаканцэнтраваных устойлівых калоідаў аксідаў і гідраксідаў пераходных металаў (А.І.Лесніковіч). У галіне міцэлярных і палімерных структур даследавалася фарміраванне структур дысперсных палімерных сістэм у вязкацякучым стане (Б.Э.Гелер); уведзена паняцце асацыіраваных комплексаў у хімію ультрадысперсных сістэм (Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў).
Развіццё метадычнай базы калоіднай хіміі абумовіла фарміраванне новых кірункаў даследаванняў, што адносяцца да хіміі такіх мікрагетэрагенных сістэм, як інжынерная хімія, хімія інтэлектуальных матэрыялаў, нанатэхналогія, якія даюць магчымасць нарошчвання малекулярных структур з зададзенымі функцыянальнымі групамі на паверхні носьбітаў адвольнай прыроды. У гэтым кірунку дасягнуты значныя поспехі ў канструяванні новых нетрадыцыйных фатаграфічных матэрыялаў (Г.А.Браніцкі, В.В.Свірыдаў, В.Дз.Сташонак), электра- і магнітарэалагічных суспензій (А.Д.Мацапура, З.П.Шульман), розных варыянтаў рэалізацыі золь-гель працэсаў, напр., атрыманне аптычнага шкла (Я.М.Паддзенежны), у даследаванні працэсаў хімічнай самазборкі на межах падзелу фаз (А.І.Лесніковіч).
Літ.:
Лесникович А.И. Исследования в области химической инженерии и коллоидной химии // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. хім.навук. 2003. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСУРСАЗБЕРАЖЭННЕ
Аснову рэсурсазберажэння складаюць вынікі выкарыстання айчынных і замежных рэсурсазберагальных тэхналогій, якія забяспечваюць навукова і нарматыўна абгрунтаваны расход рэсурсаў ва ўмовах дасягнення зададзенай якасці прадукцыі, патрэбнай прадукцыйнасці і мінімальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Для Беларусі праблемы аптымізацыі рэсурсаспажывання і рэсурсазберажэння маюць асаблівае значэнне; паколькі ў забеспячэнні ўстойлівага развіцця краіны неабходна імпартаваць больш за палову неабходных рэсурсаў і экспартаваць большую частку вырабляемай прадукцыі. Пры высокай рэсурсаёмістасці тэхналогій і вырабаў павялічваюцца кошт і экалагічныя выдаткі, зніжаецца якасць, памяншаецца канкурэнтаздольнасць вырабляемай прадукцыі.
Навук. даследаванні ў галіне рэсурсазберажэння на Беларусі актывізаваны ў пач. 1990-х г. пасля абвяшчэння яе незалежнасці. Праводзяцца работы па планамернай рэсурсазберагальнай мадэрнізацыі прамысловых тэхналогій і вырабляемай прадукцыі на аснове ўдасканальвання метадаў канструявання, укаранення перадавых тэхналогій, выкарыстання сучасных метадаў умацавання і новых кампазіцыйных матэрыялаў, удасканальвання энергаёмістых тэхналогій, утылізацыі цяпла, узмацнення цеплааховы, выкарыстання тэхналогій рэцыклінгу матэрыялаў і інш. Гэтыя работы выконваюцца ў межах дзярж., рэгіянальных і галіновых навукова-тэхн. праграм, асобных інавацыйных праектаў. Асн. мэты Дзярж. навукова-тэхн. праграмы «Рэсурсазберажэнне» — зніжэнне рэсурсаёмістасці ствараемай і вырабляемай прадукцыі, уцягванне ў абарот мясц. рэсурсаў, у т. л. адходаў вытв-сці і спажывання. Над выкананнем заданняў гэтай праграмы працуюць каля 50 устаноў краіны. Сярод іх калектывы Бел.нац.тэхн. ун-та, БДУ, Бел.тэхнал. ун-та, НДІБел. ун-та транспарту; ін-ты Нац.АН Беларусі: цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, механікі і надзейнасці машын, праблем энергетыкі, механізацыі сельскай гаспадаркі; Н.-д. цэнтр праблем рэсурсазберажэння, Салігорскі ін-т рэсурсазберажэння з доследнай вытв-сцю. Прам-сці штогод перадаецца каля 25 рэсурсазберагальных распрацовак, сярэдняя акупнасць праектаў не перавышае 2 гадоў.
Стратэгічны кірунак аптымізацыі рэсурсаспажывання і зніжэння рэсурсаёмістасці валавога ўнутр. прадукту Рэспублікі Беларусь прадугледжвае паступовае рэструктураванне прамысл. вытв-сці з мэтай замяшчэння вытв-сцей традыцыйнай сярэдне- і маланавукаёмістай рэсурсамарнатраўнай прадукцыі на навука- і высоканавукаёмістыя галіны. Для гэтага распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца перадавыя інфарм., мікра-, нана- і біятэхналогіі, тонкі хім. сінтэз, нетрадыцыйная, пераважна аднаўляльная энергетыка, «інтэлектуальныя» кампазіты, экатэхніка і экатэхналогіі, эфектыўныя тэхналогіі прадухілення і лячэння хвароб, метады аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Плескачевский Ю.М., Сысоев П.В., Близнец М.М. Новый подход к ресурсосбережению. Мн., 1989;
Свириденок А.И. Об основах государственной политики Республики Беларусь в области оптимизации ресурсопотребления и ресурсосбережения: Аналитич. записка. Мн., 1996;
Свириденок А.И., Трофимов В.П. Государственная научно-техническая программа «Ресурсосбережение»: основные итоги и задачи // Ресурсосберегающие экотехнологии: возобновление и экономия энергии, сырья и материалов. Гродно, 2001. Ч. 1;
Свириденок А.И., Маскевич С.А. Научно-инновационные аспекты устойчивого развития в условиях глобализации // Бел. экон. журн. 2003. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАЛУРГІЯ
Даследаванні ў галіне тэорыі і тэхналогіі металургічных працэсаў пачаліся ў 1984 з пускам Бел. металургічнага з-да (БМЗ) у г. Жлобін Гомельскай вобл. Праводзяцца ў Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це і на БМЗ. Заснавальнік гэтага кірунку бел.навук. школы — У.І.Цімашпольскі. Уклад у распрацоўку металург. тэматыкі зрабілі акадэмікі Нац.АН Беларусі Г.А.Анісовіч, А.В.Сцепаненка, Я.І.Маруковіч і інш.
Вытв-сць бел. сталі пачалася ў 1984 выпускам першай плаўкі 14 кастр., а 4 ліст. на дробнагатункова-драцяным стане 320/150 атрыманы першы пракат — катанка дыяметрам 9 мм. Першая чарга БМЗ уключала электрасталеплавільны цэх з дзвюма 100-тоннымі электрадугавымі печамі з магутнасцю трансфарматараў 75 МВА, дзве 6-ручаёвыя ўстаноўкі бесперапыннага ліцця загатовак сячэннем 125×125 мм і пракатнага стана 320/150 для вытв-сці дробнагатунковага пракату катанкі. У працэсе асваення 1-й чаргі з-да выкананы н.-д. работы па ўдасканаленні працэсаў зацвердзявання і награвання металу, дасягнуты высокія паказчыкі работы печы стана 320/150, якія не маюць аналагаў у свеце.
У 1988 створана галіновая н.-д. лабараторыя праблем металургічнай вытв-сці пры БМЗ і БПІ (цяпер Бел.нац.тэхн.ун-т), кіраўнік — У.І.Цімашпольскі. Спецыялістамі лабараторыі выкананы даследаванні па асваенні новага марачнага саставу сталей і абсталявання, інтэнсіфікацыі і ўдасканальванні тэхнал. працэсаў выплаўкі, пазапячной апрацоўкі, бесперапыннай разліўкі, награвання і пракаткі сталей, павышэнні якасці і стварэнні канкурэнтаздольнай прадукцыі. У 1987 пушчана другая чарга БМЗ: новы электрасталеплавільны комплекс, абціскальна-загатовачны стан 850 агульнай прадукцыйнасцю 550 тыс.т за год. У 1991 пачала працаваць трэцяя чарга для вытв-сці металакорду, пабудавана звышмагутная 100-тонная дугавая сталеплавільная печ для вытв-сці высокавугляродзістых марак сталі. У 1998—2000 стан 320/150 падзелены на бесперапынны дробнагатунковы стан 320 для вытв-сці гатунковага пракату (пераважна буд. арматуры) і бесперапынны драцяны стан 150 для вытв-сці высокавугляродзістай катанкі з наступнай перапрацоўкай у металакорд. БМЗ з агульным аб’ёмам вытв-сці каля 2 млн.т за год (на 1.1.2004) — буйнейшы пастаўшчык высакаякаснай металапрадукцыі на еўрапейскім і сусв. рынку чорных металаў. Распрацаваны новыя канструкцыі дугавых сталеплавільных печаў і машын бесперапыннай разліўкі сталі, удасканалены і аптымізаваны рэжымы высокатэмпературных цепла-тэхнал. установак, рэсурсазберагальныя рэжымы пры вытв-сці кордавых марак сталей. Наладжаны выпуск сталі 50 ХГФА для вытв-сці рысорнай паласы, высокавугляродзістых марак для вытв-сці спец. відаў дроту, шарыкападшыпнікавай сталі ШХ15, ШХ15СГ, новых відаў металакорду, спец. відаў арматурных профіляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),
галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).
Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.К.Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.
На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад.навук. комплексе «Ін-тцепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі, Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер.с.англ.М., 1981.
У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
Да арт.Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКОВАЯ МЕТАЛУРГІЯ
На Беларусі пачала развівацца з 1957, калі пры кафедры тэхналогіі металаў БПІ была створана пад кіраўніцтвам А.У.Романа даследчая лабараторыя парашковай металургіі (з 1972 НДІ парашковай металургіі БПІ, зараз Бел.навук.-вытв. канцэрн парашковай металургіі Нац.АН Беларусі). Работы ў гэтай галіне вядуцца пад кіраўніцтвам П.А.Віцязя, А.У.Романа, А.В.Сцепаненкі, Н.М.Дарожкіна. Значны ўклад у развіццё парашковай металургіі зрабілі Л.С.Багінскі, Я.А.Дарашкевіч, Г.М.Ждановіч, А.Ф.Ільюшчанка, Л.А.Ісаевіч, В.М.Кавалеўскі, В.М.Капцэвіч, Ф.Р.Лаўшэнка, А.П.Рэвут.
Тэхналагічныя асаблівасці парашковай металургіі — фармаванне дысперснай шыхты (парашкоў металаў, керамікі, валокнаў) без прыкладання ціску ці пад ціскам (прасаванне — статычнае ці дынамічнае, халоднае, цёплае ці гарачае) і спяканне (апрацоўка пры павышаных т-рах у ахоўнай прасторы ці звычайным паветры). Асн. кірункі: распрацоўка метадаў кіравання ўласцівасцямі парашковых і нанакрышталічных кампазіцыйных матэрыялаў з выкарыстаннем камп’ютэрнага мадэліравання іх мікраструктуры і паводзін; стварэнне сітаватых матэрыялаў з арганізаванай структурай; атрыманне парашкоў патрэбнага хім. і фазавага саставу метадамі мех. легіравання, гранулявання, самараспаўсюджвальнага высокатэмпературнага сінтэзу (СВС), нанясення ахоўных пакрыццяў. Вывучаны пытанні тэорыі прасавання метал. парашкоў пры статычным і дынамічным ушчыльненні, аптымальнага праектавання сітаватых матэрыялаў, стварэння дысперсна-ўзмоцненых парашкоў для вытв-сці спец. гарачатрывалых матэрыялаў, атрымання ахоўных пакрыццяў з патрэбнымі ўласцівасцямі. Распрацаваны новыя тэхнал. працэсы вытв-сці: канстр. матэрыялаў і вырабаў з іх на аснове парашкоў жалеза, нізкалегіраваных сталей і кампазіцыйных матэрыялаў (шасцерні, карпусныя дэталі); антыфрыкцыйных вырабаў (падшыпнікі слізгання, накіравальныя ўтулкі) на аснове кампазіцый парашку жалеза з графітам, меддзю, волавам, свінцом і інш. дамешкамі, у т. л. сітаватых, насычаных вадкімі змазкамі; тэхн. керамікі; алмазазмяшчальных кампазіцыйных матэрыялаў; сітаватых матэрыялаў з парашкоў і валокнаў каразійнатрывалай сталі, бронзы, нікелю, тытану і фільтраэлементаў з іх для ачысткі вадкасцей і газаў, глушэння шуму пнеўмаінструменту; цеплавых труб з парашковай капілярнай структурай; кампазіцыйных парашкоў (інтэрметаліды, карбіды, алюмініды і да т.п.), атрыманых метадамі СВС. Распрацаваны тэхналогіі і абсталяванне для нанясення ахоўных пакрыццяў метадамі газаполымнага і плазменнага напылення; матэрыялы, тэхналогіі і абсталяванне для плазменна-вакуумнага і электронна-прамянёвага нанясення ахоўных, узмацняльных і дэкаратыўных пакрыццяў.
Даследаванні ў галіне парашковай металургіі выконваюцца таксама ў Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын, Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, Бел.нац.тэхн. ун-це, Бел.-рас. ун-це (г. Магілёў). У 1975—85 створаны прамысл. ўчасткі на мінскіх трактарным, аўтамабільным, падшыпнікавым, матацыклетным і веласіпедным з-дах. У 1984 пабудаваны Маладзечанскі з-д парашковай металургіі.
Літ.:
Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ
Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал.фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал.геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр.т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.І.Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.І.Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.
Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.Х.Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.
У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.А.Каўрыга).
Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.Ф.Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.І.Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.М.Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.М.Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).
Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;
Климат Беларуси. Мн., 1996;
Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕТРАДЫЦЫ́ЙНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ ЭНЕ́РГІІ,
узнаўляльныя крыніцы энергіі, якія не адносяцца да найб. пашыраных традыц. крыніц энергіі: цеплавых, атамных і гідраўлічных (акрамя зусім малых) электрастанцый. Н.к.э. звычайна лічаць энергію сонца, ветру, малых рэк і вадасховішчаў, біямасы, сціснутага прыроднага газу.
Геліяэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні сонечнай радыяцыі. Існуюць розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі (цеплавы, фота- і тэрмаэлектрычны, тэрмаэмісійны) у геліяўстаноўках (гл. таксама Геліятэхніка). Найб. пашыраны выпуск і выкарыстанне геліяэнергет. абсталявання ў Швецыі, Вялікабрытаніі, Германіі. Ветразнергетыка займаецца пераўтварэннем энергіі ветру ў эл., мех. і цеплавую энергію з дапамогай ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Яе асновай з’яўляюцца ветраэлектрычныя станцыіНайб. развіта ў ЗША, ФРГ, Індыі, Даніі. Магутнасць традыц. лопасцевых ВЭУ, што падключаны да энергасетак свету, перавышае 6000 МВт (1996). Малая гідраэнергетыка выкарыстоўвае мех. энергію воднага патоку малых рэк і вадасховішчаў пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі (гл.Гідраэнергетыка). Будуюцца пераважна нізканапорныя гідраэлектрычныя станцыі (мікрагэс) з гідраагрэгатамі малой магутнасці. Энергія біямасы (драўніны, мясц. відаў паліва, адходаў вытв-сці і бытавых, біягазу жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык) пераўтвараецца з дапамогай катлоў у цяпло (ідзе на цеплазабеспячэнне. вытв. патрэбы), з дапамогай газагенератараў — у гаручы газ (выкарыстоўваецца як паліва ў прамысл. пячах і інш.). Тэхналогія газіфікацыі цвёрдых быт. адходаў найб. дасканала распрацавана ў ФРГ, Японіі і інш.Энергія сціснутага прыроднага газу пры яго рэдуцыраванні на газаразмеркавальных станцыях ад 30—50 атм. да ціску 3—12 атм., пад якім газ падаецца спажыўцам, можа выкарыстоўвацца для выпрацоўкі электраэнергіі з дапамогай газарасшыральных турбін. Напр., на адной з ЦЭЦ «Мосэнерга» (Расія) укараненне энергакомплексаў з турбінамі ГНПГІ «Турбагаз» дало магчымасць на кожны 1 МВт устаноўленай магутнасці дадаткова атрымліваць 8 млн.кВтгадз электраэнергіі за год.
На Беларусі найб. спрыяльны перыяд выкарыстання геліясістэм красавік—верасень, калі з 1 м² геліякалектара можна атрымаць за суткі 90 л вады з т-рай 55—60 °C. У НВА «Белсельгасмеханізацыя» распрацаваны шэраг геліяпадагравальнікаў вытв. і быт. прызначэння, у Акад.навук. комплексе «Ін-тцепла- і масаабмену» — геліякалектары з алюмінію. у Ін-це праблем энергетыкі Нац.АН даследуецца эфектыўнасць энергазберажэння пры выкарыстанні такіх геліясістэм для гарачага водазабеспячэння. Даследаванні ветраэнергет. патэнцыялу выявілі 1800 пляцовак са спрыяльнымі ветравымі патокамі (сярэднегадавая скорасць ветру 4,7—6.1 м/с). На іх перспектыўнае выкарыстанне аўтаномных ВЭУ і ветрапомпавых установак магутнасцю да 30 кВт (пераважна с.-г. прызначэння). Распрацоўваецца ветрарухавік новага тыпу — з камбінаванымі цыліндрамі замест лопасцей для работы пры нізкіх скарасцях ветру. Спраектавана і пабудавана (1998) доследна-прамысл. ВЭУ магутнасцю 60—110 кВт для характэрных на Беларусі скарасцей ветру, распрацоўваецца ротарная ВЭУ магутнасцю 250 кВт для скарасцей ветру 2—8 м/с. У малой гідраэнергетыцы найб. спрыяльныя для выкарыстання гідрарэсурсы басейна рэк Дняпро, Зах. Дзвіна, Нёман, Днестр, Вілія, Прыпяць, Зах. Буг, а таксама малых рэк і створаў у паўн. і ўсх.ч. краіны. Буд-ваГЭС мэтазгодна на буйных (аб’ём больш за 1 млн.м³) вадасховішчах. На Вілейскім вадасховішчы працуе 1-ы блок Вілейскай ГЭС магутнасцю 1 МВт (з 1998). Магутнасць такіх ГЭС на 17 буйных вадасховішчах можа дасягнуць 6 МВт, магутнасць мікрагэс на водагасп. і меліярац. сістэмах — 1 МВт. З біямасы найб. значныя аб’ёмы драўніны (за год у катлах яе спальваюць 1—1.5 млн.м³). Асвоены выпуск газагенератараў магутнасцю 30—200 кВт для перапрацоўкі драўнінных адходаў і нізкагатунковых відаў мясц. паліва. Высокаэфектыўныя катлы выпускаюць Гомельскі з-д «Камунальнік» і Бешанковіцкі «Котламаш». Біягазу ад 275 жывёлагадоўчых комплексаў і 66 птушкафабрык краіны можна атрымліваць 1,7 млрд.м³, ад перапрацоўкі цвёрдых быт. адходаў — больш за 350 млн.м³ за год. Ўкараненне энергакомплексаў з газарасшыральнымі турбінамі на газаразмеркавальных станцыях (іх у рэспубліцы 130) можа даць электраэнергіі магутнасцю больш за 30 МВт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗЕРНАЯ ФІЗІКА
Лазерная фізіка на Беларусі пачала развівацца ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава ў Ін-це фізікі АН Беларусі. Пазней даследаванні пачалі праводзіцца ў Ін-тах электронікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, БДУ, БПІ, Гомельскім і Гродзенскім ун-тах. У канцы 1970-х г. у ЦКБ БелОМА «Пеленг» пачаўся серыйны выпуск лазернай тэхнікі. У 1979 створаны Міжведамасны канструктарскі аддзел (цяпер дзярж. прадпрыемства «ЛЭМТ») для ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў Ін-та фізікі АН Беларусі ў вырабы БелОМА, у 1984 — Мінскае прадпрыемства унікальнага прыладабудавання АНСССР для тыражавання лазерных распрацовак ін-таў АН Беларусі. Вялікі ўклад у арганізацыю вытв-сці лазернай тэхнікі на Беларусі зрабілі М.А.Барысевіч і В.С.Буракоў.
У наш час фундаментальныя і прыкладныя даследаванні і распрацоўкі вядуцца таксама ў ін-тах малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, цепла- і масаабмену, фізіка-тэхнічным, доследным КБ «Аксікон» і Аддзеле аптычных праблем інфарматыкі Нац.АН Беларусі, Міжнар. лазерным цэнтры, Бел.нац. тэхнічным ун-це, НДІ прыкладных фіз. праблем і НДІядз. праблем БДУ, у навукова-вытворчых фірмах «ЛОТІС ТII», «СОЛАР ТII», «СОЛАР ЛС», «Люзар», «Галаграфічная індустрыя» і інш.Бел. прадпрыемствы выпускаюць лазеры і лазерныя прылады шырокага прызначэння (для навук. даследаванняў, медыцыны, метралогіі, апрацоўкі матэрыялаў і інш.); значная частка іх рэалізуецца за мяжой.
З самага пачатку даследаванні і распрацоўкі бел. вучоных і спецыялістаў у галіне лазернай фізікі вяліся шырокім фронтам. У 1962 запушчаны першы на Беларусі лазер (В.А.Піліповіч); праводзіліся тэарэт. і эксперым. даследаванні, накіраваныя на высвятленне механізмаў работы лазераў і заканамернасцей узаемадзеяння лазернага выпрамянення з рознымі асяроддзямі і аб’ектамі, на стварэнне новых лазерных сістэм і эфектыўных метадаў кіравання іх характарыстыкамі, выяўленне і распрацоўку праблем практычнага выкарыстання лазернага выпрамянення ў навук. даследаваннях, медыцыне, біялогіі, электроніцы, апрацоўцы інфармацыі, метралогіі і інш. Навуковыя і прыкладныя вынікі абагульнены ў манаграфіях, а таксама склалі цыклы работ, аўтарам якіх прысуджаны Ленінская прэмія (М.А.Барысевіч, В.У.Грузінскі, В.А.Таўкачоў), 4 Дзярж. прэміі СССР (П.А.Апанасевіч, Б.В.Бокуць, Я.В.Івакін, В.А.Мастоўнікаў, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, К.М.Салаўёў, Б.І.Сцяпанаў — двойчы), 11 Дзярж. прэмій Беларусі (П.А.Апанасевіч, В.А.Арловіч, А.А.Афанасьеў, У.М.Белы, Б.Б.Бойка, Б.А.Бушук, А.П.Вайтовіч, Я.С.Варапай, В.А.Гайсёнак, А.М.Ганчарэнка, В.П.Грыбкоўскі, І.М.Гуліс, Г.І.Жаўтоў, А.П.Іваноў, А.А.Кавалёў, М.С.Казак, В.А.Карпенка, С.Я.Кілін, У.А.Конанаў, В.А.Лапіна, В.В.Машко, У.А.Піліповіч, М.С.Пятроў, У.П.Радзько, А.С.Рубанаў, А.М.Рубінаў, А.М.Самсон, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Сяверыкаў, У.І.Томін, А.П.Чайкоўскі, А.П.Шкадарэвіч, Т.Ш.Эфендыеў).
Літ.:
Методы расчета оптических квантовых генераторов. Т. 1—2. Мн., 1966—68;
Квантовая электроника и лазерная спектроскопия. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял.Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн.руб. у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-тцепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт.Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.