Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абарачэ́нне, ‑я, н.

1. Тое, што і абарот (у 1 знач.). Абарачэнне Зямлі вакол Сонца.

2. Тое, што і абарот (у 3 знач.). Пусціць у абарачэнне. Грашовае абарачэнне.

абарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абарваць (у 1–3, 6 знач.).

2. у знач. прым. Сарваны; пазбаўлены чаго‑н. Этажэрка з кнігамі — у трэцім куце. Старыя абарваныя шпалеры месцамі заклеены газетамі. Бядуля. // Разарваны, перарваны. Ледзь прычакаўся ён [Алёшка] ранняга вячэрняга змроку. Украдкам агледзеў канцы абарваных шнуроў. Лынькоў. // Апрануты ў ірванае адзенне. Убор дзявочы абарваны, Зблытаныя косы, У вочках толькі рдзяцца слёзы, Як улетку росы. Купала. // Спынены, перапынены. А я не помню Калыханкі гэтай, Вайной абарванай, Недапетай... Скарынкін.

абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.

2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.

3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.

•••

Сэрца абарвалася гл. сэрца.

абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.

2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.

3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.

4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.

5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.

6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.

•••

Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.

абарва́ць 2, ‑рве; зак.

Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.

абарда́ж, ‑у, м.

Старадаўні спосаб марскога бою — счэпліванне свайго судна з варожым для рукапашнай схваткі.

•••

Браць (узяць) на абардаж гл. браць.

[Фр. abordage.]

абарда́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абардажу. Абардажны бой.

абармо́т, ‑а, М ‑моце, м.

Разм. Чалавек, учынкі і паводзіны якога выклікаюць абурэнне, агіду; нягоднік, грубіян, ашуканец. У душу ўлазіць з брудным ботам, Жыццё атручвае, як гад. Пракляты ж будзь ты, панскі лад, Дзе права правяць абармоты. Колас.

абармо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да абармот.

абаро́г, ‑а, м.

Збудаванне ў выглядзе стрэшкі, паднятай на чатырох слупах, якое служыць для складання сена, саломы і пад.

абаро́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абараняць — абараніць і абараняцца — абараніцца.

2. Сукупнасць сродкаў, накіраваных на забеспячэнне краіны, народу ад нападу ворагаў. Абарона сацыялістычнай Айчыны ёсць свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Канстытуцыя СССР.

3. Сістэма абарончых збудаванняў. Прарваць абарону праціўніка. Участак абароны.

4. Абарончы бок у судовым працэсе, у гульні. Пярэчанне абароны. Гуляць у абароне.