аб, прыназ. з В і М.
Спалучэнне з прыназ. «аб» выражае:
Аб’ектныя адносіны
1. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, з якім хто‑, што‑н. збліжаецца, сутыкаецца ў працэсе руху, дзеяння. Дождж б’ецца аб хвалі ракі. Багдановіч. Ледзь не шаргануўшыся аб рукаў Віктаравага шыняля, прайшоў са старшынёй Шандыбовіч. Кулакоўскі. Васілька аж паморшчыўся ад болю, да таго нылі ногі, збітыя аб пнёўе, аб вузлаватыя карэнні дрэў на лясных сцяжынках, паколаныя аб хваёвыя шышкі, сухую ігліцу. Лынькоў. // У прыслоўных спалучэннях паказвае на ўзаемадзеянне паміж прадметамі. Цяпер.. [галіны] застылі нерухома, але, калі вецер праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець. Колас.
2. з М. Паказвае на прадмет гаворкі, думкі, пачуцця. Іван сумуе аб працы, сумуе аб каласах жытніх на сваёй паласе, аб заліўных сенажацях, аб дзецях-румзах. Лынькоў. Як аб табе чуюць, так аб табе і мяркуюць. Прыказка.
3. з М. Паказвае на прадмет харчавання. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка. Аб малаку ног не павалаку. Прыказка.
Часавыя адносіны
4. Разм. Паказвае на адрэзак часу, у межах якога завяршаецца дзеянне. Вярнуўся з горада аб адзін дзень. □ Дзяўчына аб раз не паверыла воку. Броўка.
аб..., прыстаўка (гл. а... 1).
1. Ужываецца замест «а... 1»: 1) перад галоснымі: абысці, абыграць, абымшыць, абумовіць, абучыць, абярнуцца; 2) у некаторых выпадках перад зычнымі: абняць, абдумаць, абвешаць, абвесці, абжаць.
2. Ужываецца ў некаторых выпадках нароўні з прыстаўкай «а... 1» перад зычнай: абгарадзіць, абкарыць, абпаліць, абкантаваць, (параўн. агарадзіць, акарыць, апаліць, акантаваць).
3. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем прычыніць страту каму‑н. у працэсе дзеяння: абважыць, абмераць, аблічыць, абхітрыць.
4. Ужываецца для ўтварэння дзеясловаў са значэннем не ўлічыць, абысці каго‑, што‑н. пры размеркаванні чаго‑н.: абдзяліць, абмінуць.
аб’..., прыстаўка (гл. а... 1).
Ужываецца замест «а... 1», «аб...» перад галоснымі «е», «ё», «і», «я»: аб’есці, аб’ём аб’інець, аб’явіць, аб’яднаць.
аба, прыназ. з М.
Ужываецца ў спалучэннях аба мне і (радзей) аба ўсім (ўсёй, ўсіх). [Зося:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. [Міхал:] — Яшчэ не дал[ей], як пазаўчора, Са мною гутарыў, смяяўся [ляснічы] І аба ўсім мяне пытаўся. Колас.
аба..., прыстаўка (гл. а... 1).
Ужываецца замест «а... 1» і «аб...»: 1) перад збегам зычных: абабраць, абагнаць, абазваць, абазначыць; 2) перад зычнымі «б», «п» з наступным апострафам (’), а ў некаторых выпадках і без яго: абаб’ю, абап’ю, абабіць, абаперціся.
аба́бак, ‑бка, м.
Ядомы грыб з губчастай пад нізам буравата-шэрай шапкай на высокай тонкай ножцы; падбярозавік, бабка.
абабе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Тое, што і абабегчы (у 3 знач.), з адценнем паўторнасці дзеяння. Аднаго разу.. [малады чалавек] даў нават соценную паперку, і Тані прыйшлося абабегаць увесь тэлеграф, каб размяняць гэтыя грошы. Васілёнак.
абабе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; абягуць; пр. абабег, ‑ла; заг. абяжы; зак., каго-што.
1. без дап. Бягом зрабіць круг вакол чаго‑н. Абабегчы вакол дома.
2. Бегучы ў абход, абмінуць каго‑, што‑н. [Гітлеравец] выскачыў, абабег хлеў, прабег трохі наперад па цаліку, спыніўся і — застрачыў з аўтамата. Лупсякоў.
3. Паспешліва наведаць усе або розныя месцы. [Чалавек] старанна пагаліўся, выпрасаваў касцюм, потым абабег усе магазіны ў пошуках нейкага адмысловага падарунка. Асіпенка.
4. перан. Хутка распаўсюдзіцца, стаць вядомым усім. Чутка пра незвычайны ўраджай з аднае бульбіны ў той жа вечар абабегла ўвесь калгас. Якімовіч.
абабі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абабіць.
2. у знач. прым. З пашкоджаннямі на паверхні, драпінамі, шчарбінамі; абшарпаны. Між голых сцен, несамавітых, Такіх панурых, абабітых, Астаўся стол адзін на месцы. Колас.
аба́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Разм.
1. Пераняць некаторыя жаночыя рысы характару (пра мужчыну).
2. Перастаць сачыць за сабою, апусціцца, агрубець (пра жанчыну).
абабі́цца, ‑б’ю́ся, ‑б’е́шся, ‑б’е́цца; ‑б’ёмся, ‑б’яце́ся; зак.
1. Аказацца пашкоджаным; адбіцца, адпасці (пра тынк і пад.). // Пашарпацца, знасіцца па краях (пра адзенне).
2. перан. Прывыкнуць да чаго‑н., перастаць заўважаць дрэннае, ацярпецца. [Галубіцкі:] За сваю бытнасць я прывык ужо да праборак, абабіўся. Сабаленка.