Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абшалёўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абшалёўваць — абшаляваць.

абшалёўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абшалёўваць.

абшалёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абшаляваць.

абшалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак, ж.

Тое, што і шалёўка.

абшалява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абшаляваць.

абшалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Абабіць, абшыць што‑н. шалёўкай. Змайстраваў [Клім] аканіцы, а вуглы, акуратна абрэзаўшы, абшаляваў. Шахавец.

абша́р, ‑у, м.

Неабсяжная прастора, разлегласць. А мароз трашчыць сіберны, Пухам крые, пухам сцеле Увесь абшар зямлі нязмерны, Нібы мяккую пасцелю. Гурло. Ад белай пены.. мора здавалася бяскрайнім зімовым абшарам, на якім лютуе завіруха, варочаючы і рассыпаючы высокія снежныя сувеі. Дуброўскі. // Участак вялікіх памераў. Абшары балот. □ І што за Ліпава такое? А гэта — поле маладое Сярод лясоў, як скінуць вокам; На тым абшары, на шырокім, Раскошна нівы красавалі. Колас. [Алёша] глядзеў на поле ў залатых хвалях паспелага жыта ці пшаніцы і адчуваў сябе гаспадаром усяго гэтага абшару. Шамякін.

абша́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абшарыць.

абша́рнік, ‑а, м.

Уладальнік вялікіх абшараў зямлі; памешчык. [Юліян Козіч] пачаў расказваць, які ладны кавалак зямлі адрэзалі яму ад масіваў былога абшарніка Едкі. Бялевіч.

абша́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць абшарніку, мае дачыненне да абшарніка. [Паддубны:] — З дымам пажараў пускаюць паўстанцы абшарніцкія маёнткі. Пестрак.