Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абхадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак., што.

Ходзячы, пабыць у многіх месцах, абысці ўздоўж і ўпоперак што‑н. [Маці:] — Бачыш, мая дачушка! Ты адтаптала ногі, Ты абхадзіла дарогі. Глебка. За некалькі дзён абхадзіў [Лабановіч] усе ваколіцы, агледзеў дарогі і новыя мясціны, бо ў гэтым знаёмстве ёсць заўсёды нешта свежае і цікавае. Колас.

абха́з,

гл. абхазы.

абха́зка,

гл. абхазы.

абха́зскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да абхазаў.

абха́зы, ‑аў; адз. абхаз, ‑за, м.; абхазка, ‑і, ДМ ‑зцы; мн. абхазкі, ‑зак; ж.

Народ, які складае карэннае насельніцтва Абхазскай АССР.

абхапі́цца, ‑хопіцца; зак.

Абхапіць, абняць адзін аднаго. — Хлопцы, ды гэта ж Цярэшка, мой сын, матрос з Чорнага мора! — І яны абхапіліся, трэслі адзін аднаго за плечы, грукалі кулакамі адзін аднаго па спінах. Лупсякоў.

абхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Абняць (рукамі, нагамі, лапамі). Адзін з мужчын, той, што вынес з агню жанчыну, абхапіў Ягора за шыю і шчыра, па брацку, пацалаваў. Кавалёў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Мядзведзь, выбіўшы з рук аслупянелага Радзівіла стрэльбу, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Гурскі.

2. перан. Акружыць з усіх бакоў (пра холад, цемру, полымя і пад.). Віця скінуў паліто. Мароз адразу ж абхапіў цела ледзянымі абцугамі. Корзун. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Чыгрынаў.

3. перан. Зразумець, засвоіць што‑н. [Ліда:] — Вы адразу ўсё жыццё хочаце абхапіць, каб ведаць яго. Галавач.

4. Зрабіць абход праціўніка з флангаў з мэтай нападу; акружыць. [Сярго:] Рашуча наступаць уздоўж ракі І горад абхапіць кальцом. Глебка. [Разведчык:] — Немцы прарваліся на поўдні ад Чырвонай Нівы. Каля двух батальёнаў. Імкнуцца абхапіць нас. М. Ткачоў.

абхарашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; зак.

Агледзецца, прывесці сябе ў належны парадак. Якуш пазаціраў сляды, абхарашыўся сам і глыбей закапаўся ў сена. Скрыган.

абхарашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; зак., каго-што.

Прыдаць каму‑, чаму‑н. належны выгляд, упрыгожыць; паправіць.

абха́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Харкаючы, апляваць.