абхапіць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.
1. Абняць (рукамі, нагамі, лапамі). Адзін з мужчын, той, што вынес з агню жанчыну, абхапіў Ягора за шыю і шчыра, па брацку, пацалаваў. Кавалёў. Таццянка кінулася даганяць. Дагнала і ледзь-ледзь абхапіла рукамі, такі вялікі быў мяч. Юрэвіч. Мядзведзь, выбіўшы з рук аслупянелага Радзівіла стрэльбу, абхапіў лапамі князя, патрос, як грушу, і кінуў на зямлю. Гурскі.
2. перан. Акружыць з усіх бакоў (пра холад, цемру, полымя і пад.). Віця скінуў паліто. Мароз адразу ж абхапіў цела ледзянымі абцугамі. Корзун. Сіняе полымя спачатку нясмела лізнула браню, затым скочыла ўгору і, стаўшы чырвоным, абхапіла ўсю танкетку. Чыгрынаў.
3. перан. Зразумець, засвоіць што‑н. [Ліда:] — Вы адразу ўсё жыццё хочаце абхапіць, каб ведаць яго. Галавач.
4. Зрабіць абход праціўніка з флангаў з мэтай нападу; акружыць. [Сярго:] Рашуча наступаць уздоўж ракі І горад абхапіць кальцом. Глебка. [Разведчык:] — Немцы прарваліся на поўдні ад Чырвонай Нівы. Каля двух батальёнаў. Імкнуцца абхапіць нас. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)