Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абы́ 1, злучнік.

1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.

2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.

3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.

абы́ 2, часціца.

Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца. М. Ткачоў. [Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы! Бажко.

•••

Абы дзень да вечара гл. дзень.

Абы з рук гл. рука.

абыва́цель, ‑я, м.

1. Уст. Сталы жыхар якой‑н. мясцовасці. Так Сяргей Пятровіч зрабіўся абывацелем горада Сярдзечанска. Сяргейчык.

2. Чалавек, які жыве дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі. Ёсць ціхае шчасце абывацеля і эгаіста, калі ён плюе на ўсё на свеце, абы яму добра было. Хадкевіч. Пакутных думак чарвякі Мазгі расточваюць парой: Ды хто ж, урэшце, я такі? Ці абывацель, ці герой? Крапіва.

абыва́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Жан. да абывацель.

абыва́цельскі, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які мае адносіны да абывацеля (у 1 знач.).

2. Які мае адносіны да абывацеля (у 2 знач.), характарызуецца адсутнасцю зацікаўленасці да грамадскага жыцця. [Галубовіч:] — А вось Лявонік — у ім я не ўпэўнены. Першае выпрабаванне, першая бура.. адвярнулі яго ад рэвалюцыі, ад народа, ён будзе шукаць у далейшым спакою і абывацельскага прытулку. Колас.

абыва́цельшчына, ‑ы, ж.

Адсутнасць грамадскага кругагляду, вузкасць інтарэсаў, коснасць. Трапіць у балота абывацельшчыны.

абыгра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абыграць.

абыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамагчы каго‑н. у гульні. Абыграць у шашкі.

2. Выкарыстаць што‑н., умела дастасоўваючы да ўмоў, абставін (у сцэнічным дзеянні, літаратурным творы і пад.). Маналог.. трэба было так абыграць, каб ён не ўтрымаўся як прамова з трыбуны. «Полымя». // Выкарыстаць чые‑н. словы (памылку) у асабістых мэтах, надаючы не ўласцівае ім значэнне. [Адольф:] Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. Купала.

3. Наладзіць гучанне музычнага інструмента, пайграўшы на ім нейкі час. Абыграць цымбалы.

абы́грыванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. абыгрываць — абыграць (у 2, 3 знач.).

абы́грывацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абыгрываць.

абы́грываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абыграць.