абе́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Тое, што і абабегаць (у 3, 4 знач.). Абегаў Уладзя ручавіну, І клін, і пасечку, лагчыну. Колас.
абе́глы,
У выразе: абеглы погляд гл. погляд.
абе́гчы, абягу, абяжыш, абяжыць; абяжым, абежыце; зак., каго-што.
Тое, што і абабегчы.
абе́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Яда сярод дня; полудзень. Абед пачынаецца ў гадзіну дня. Запрасіць на абед. // Форма прыёму гасцей з нагоды якой‑н. урачыстасці. Даць абед. Званы абед.
2. Ежа для спажывання ў абедзенны час. Абед з трох страў. Смачны абед. Вегетарыянскі абед.
3. Час, у які звычайна абедаюць; абедзенны перапынак. Настаў абед. Прайшоў абед.
•••
Лукулаўскі абед — вельмі багаты абед.
Царскі абед — вельмі багаты, пышны абед.
абе́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Есці ў абедзенны час; есці абед. Зараз у сталоўцы магло свабодна абедаць чалавек сорак. Колас. Ніхто не ведае, як сірата абедае. Прыказка.
абе́дзве,
гл. абодва.
•••
Абедзвюма рукамі ўхапіцца гл. ухапіцца.
Абедзвюма рукамі трымацца гл. трымацца.
Кульгаць на абедзве нагі гл. кульгаць.
абе́дзенны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да абеду; прызначаны для абеду. Абедзенны перапынак. Абедзенная пара. Абедзенны стол.
абе́днены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абядніць.
абе́дня, ж.
Набажэнства ў хрысціян, якое адбываецца раніцай або днём. Глухому поп другі раз абедню не служыць. Прымаўка.
абезгало́віць, ‑лоўлю, ‑ловіш, ‑ловіць; зак., каго-што.
1. Зняць, адсячы галаву каму‑н.
2. перан. Пазбавіць што‑н. (рух, рэвалюцыю і пад.) яго правадыра, кіраўніцтва. Абезгаловіць паўстанне.