Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абцалава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абцалаваць.

абцалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

Пацалаваць усіх, кожнага; усё, многае. Абніме [Алеся], пацалуе [сына] у лобік, у шчочкі, абцалуе мяккія, такія дарагія ручкі. Скрыган.

абца́с, ‑а, м.

Цвёрдая набойка на падэшве абутку пад пятой; каблук. Алёша стукнуў абцасам аб падлогу, каб бот палез, падцягнуў халявы, выпрастаўся і спакойна пацвердзіў: «Сказаў не пайду — не пайду!» Шамякін.

•••

(Быць у каго, трымаць каго) пад абцасам — быць, трымаць у падпарадкаванні.

абца́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абцаса. Абцасавы цвік.

абцерабі́цца, ‑цераблюся, ‑цярэбішся, ‑цярэбіцца; зак.

Тое, што і ацерабіцца.

абцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

1. Ачысціць ад галля, бацвіння, лісця і пад. Урэшце, спусціўшы апошняе дрэва на дзялянцы, мы абцерабілі яго і выбраліся на слаба ўезджаную дарогу. Савіцкі. // Абсячы, абрэзаць галлё, бацвінне, лісце і пад. Абцерабіць галлё на дрэве.

2. Разм. Аб’есці. Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Панадзіўся ў Піліпавы грады і ўсе капусныя высадкі абцерабіў. Брыль.

абцерусі́ць, ‑церушу, ‑цярусіш, ‑цярусіць; зак., што.

Цярусячы, абсыпаць. Скалануў [Мірон] бярозку — абцерусіў усяго сябе. Кудравец.

абцерушы́цца, ‑церушуся, ‑цярушышся, ‑цярушыцца; зак.

Абтрэсціся, абабіцца (ад снегу, пылу і пад.).

абцерушы́ць, ‑церушу, ‑цярушыш, ‑цярушыць; зак., што.

1. Абтрэсці, абабіць (снег, пыл і пад.) з чаго‑н. Мацей Кулеш.. ля парога абцерушыў з шапкі і з каўняра мокры снег. Шамякін. Хлопцы падняліся бледныя, разгубленыя, моўчкі абцерушылі пясок са штаноў і кашуляў і гэтак жа моўчкі рушылі далей. Якімовіч.

2. Памяўшы, аддзяліць (пра зерне, колас). [Пятро] працягнуў руку, сарваў пару каласоў і, абцерушыўшы іх, пяшчотна перасыпаў буйныя залатыя зерні. Шамякін.

абце́рці, абатру, абатрэш, абатрэ; абатром, абатраце, абатруць; заг. абатры; пр. абцёр, ‑церла; зак., каго-што.

1. Выціраючы, зрабіць сухім, чыстым. Узяўшы яблык, Марына абцерла яго ражком хусткі і пачала есці. Кавалёў. Стары паклаў жалеза і абцёр аб фартух рукі. Чорны. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. // Выціраючы, сцерці што‑н. Яўхім абцёр рукавом пот на лбе і акінуў позіркам двор, шукаючы ценю. Пальчэўскі.

2. Зняць верхні слой чаго‑н. Аб пясок абцёр іржу з яе — І падкова нібы люстраная. Непачаловіч.