аб’..., прыстаўка (гл. а... 1).
Ужываецца замест «а... 1», «аб...» перад галоснымі «е», «ё», «і», «я»: аб’есці, аб’ём аб’інець, аб’явіць, аб’яднаць.
аб’е́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аб’есці (у 1 знач.).
аб’е́дкі, ‑аў; адз. аб’едак, ‑дка, м.
Рэшткі яды, недаедзеная кавалкі. Аб’едкі хлеба. // перан. Тое, што астаецца пасля каго‑н. (падзелу, карыстання і пад.). Яму суджана было нарадзіцца ў сям’і з дзевяці душ — і самаму апошняму. А апошняму заўсёды застаюцца аб’едкі. Усё падзялілі браты, пазабіралі ў пасаг сёстры. Дамашэвіч.
аб’е́зд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. аб’язджаць — аб’ехаць (у 1–3 знач.).
2. Месца з часовай дарогай, па якім можна аб’ехаць. Веласіпед лёгка каціўся наперад, пакідаючы ззаду пад’ёмы і спускі, масты і аб’езды. «Беларусь».
3. Уст. Конны дазор. Дзесьці недалёка залескаталі па бруку конскія падковы — ехаў аб’езд. Гартны.
аб’е́зджаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад аб’ездзіць.
аб’е́здзіцца, ‑дзіцца; зак.
Разм.
1. Прывыкнуць хадзіць у вупражы, пад сядлом (пра каня).
2. Ад язды стаць больш прыдатным; абкатацца, прыцерціся (пра машыны, агрэгаты і пад.).
3. Зрабіцца прыдатным для язды, абцерціся (пра дарогу).
аб’е́здзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., каго-што.
1. Неаднаразова выязджаючы, пабываць у многіх месцах. З таго часу Ніна аб’ездзіла перакладчыцай пры высокім палкоўніку многія вызваленыя часцямі нашай Арміі гарады дзяржаў Заходняй Еўропы. Васілевіч.
2. Прывучыць каня хадзіць у вупражы, пад сядлом. На ўсім скаку мог заарканіць Касым самага дзікага жарабка, за кароткі час аб’ездзіць яго. Даніленка.
3. Яздой зрабіць больш прыдатным; абкатаць. Аб’ездзіць калёсы, матацыкл, машыну.
4. Укатаць, зрабіць прыдатным для язды (пра дарогу).
аб’е́здка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Дарога, пракладзеная побач, па якой можна аб’ехаць якую‑н. перашкоду. [Абрыцкі:] Наскрозь я бачу службу вашу! Чаму аб’ездак, сцежак многа?.. Колас.
2. Спец. Прывучванне хадзіць пад сядлом, у вупражы (пра коней). Аб’ездка маладых коней.
аб’е́здчык, ‑а, м.
1. Работнік лясніцтва, які наглядае за вядзеннем лясной гаспадаркі на сваім участку і за работай леснікоў. Калісьці гэты Атрошка служыў у Аляксееўцы лесніком, потым яго перавялі ў Масевічы аб’ездчыкам. Пальчэўскі.
2. Той, хто прывучае маладых коней хадзіць пад сядлом, у вупражы.