Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дрэвы, кусты, якія пасаджаны ўздоўж ці вакол чаго‑н.; насаджэнне. Кусціўся.. [алешнік] густа, нібы маладая абсада, і ўсцяж шляху. Сачанка. Над усім пейзажам пачынае панаваць хутар і абсады шляхціца Мазавецкага. Адамовіч.

2. Тое, што і шуфляда (у 2 знач.). Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней, абсада для вокан. Сіпакоў.

абса́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абсадзіць.

абса́джванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абсаджваць — абсадзіць.

абса́джвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да абсадзіцца.

2. Зал. да абсаджваць.

абса́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсадзіць.

абсадзі́цца, ‑саджуся, ‑садзішся, ‑садзіцца; зак.

Абсадзіць сваю сядзібу якой‑н. расліннасцю.

абсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Пасадзіць расліны вакол, па краях чаго‑н. Плошчы, вуліцы абсадзім ліпамі, Нібы рэк люстраных берагі. Гілевіч.

2. Разм. Перамагчы ў бойцы; паваліць. Калі трэба бывае ваўкам абсадзіць лася — збіраюцца і ідуць, акружаюць. Пташнікаў. // Перамагчы ў спрэчцы, прымусіць змоўкнуць. Галена ўсіх абсадзіла сваім словам адразу. Чорны.

абсалю́т, ‑у, М ‑люце, м.

Кніжн. У ідэалістычнай філасофіі — вечная, нязменная першааснова ўсяго існага (дух, ідэя); у рэлігіі — боская сіла. Узвесці ў абсалют. // Нешта безадноснае, нічым не абумоўленае, незалежнае, самаіснае. // Найвышэйшае разумовае ўяўленне пра што‑н.; узор, мяжа дасканаласці. Абсалют ідэйнай чысціні.

[Ад лац. absolutus— самастойны.]

абсалю́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць абсалютнага. Абсалютнасць прасторы і часу.

абсалю́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Безумоўны, неабмежаваны, узяты па-за ўсякім параўнаннем, безадносна да чаго‑н., пераважна. Абсалютныя і адносныя паказчыкі. Абсалютная большасць.

2. Поўны, канчатковы. Абсалютная праўда. □ Гунава прыслаў запіску, што Сімон можа выехаць у Сагвасаліо.., гарантуючы абсалютную цэласць ягонай асобы. Самуйлёнак.

•••

Абсалютная велічыня гл. велічыня.

Абсалютная ісціна гл. ісціна.

Абсалютная манархія гл. манархія.

Абсалютная рэнта гл. рэнта.

Абсалютная тэмпература гл. тэмпература.

Абсалютны нуль гл. нуль.

Абсалютны слых гл. слых.

Абсалютны чэмпіён гл. чэмпіён.