абува́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абуваць — абуць.
абува́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абуцца.
2. Зал. да абуваць.
абува́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абуць.
абуджа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які абуджае да чаго‑н.; пабуджальны.
абу́джаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абудзіць.
абуджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да абудзіцца.
2. Зал. да абуджаць.
абуджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абудзіць.
абуджэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. абуджаць — абудзіць і стан паводле знач. дзеясл. абуджацца — абудзіцца.
абудзі́цца, абуджуся, абудзішся, абудзіцца; зак.
1. Перастаць спаць, прачнуцца. Абудзілася Вера ад лёгкага стуку ў акно. Паслядовіч. Узяўся [Міхалка] за ключ. Павярнуў раз і абамлеў: ключ.. так загрымеў, што напэўна ўсе абудзілася. Колас.
2. перан. Перастаць быць спакойным, напоўніцца чым‑н. Барсукова Гара, дзе вызначана было чатырыста пнёў лесу на школу, маўклівая і па-зімоваму сумная, аднае раніцы абудзілася вясёлым гоманам. Крапіва. // Вярнуцца да жыцця, дзейнасці, аднавіць жыццёвыя працэсы. Прырода абудзілася да новага жыцця. Мурашка.
3. перан. Узнікнуць, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасці, якасці). — От, паненачка, набраліся б вы з панічом, далібог, — з жарам і зусім іншым тонам прамовіла бабка, і ў ёй адразу абудзілася жанчына-свацця. Колас. [Іван] спазнаў ужо прыхільную лагоднасць.. [Джулінай] душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці. Быкаў.
4. перан. Ачнуцца. Сход абудзіўся ад маўчанкі і ўспыхнуў смехам. Пестрак.
абудзі́ць, абуджу, абудзіш, абудзіць; зак., каго-што.
1. Перарваць, перапыніць чый‑н. сон; прымусіць ачнуцца; разбудзіць. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы. Гартны. Вось і агністае убранне Скідае лес сярод балот. Пара! І крыкам на світанні Ён [жораў] абудзіў увесь свой род. Кірэенка.
2. перан. Парушыць спакой, напоўніць гукамі, галасамі і пад. Людзі, высыпаўшы з душнага памяшкання, ажывіліся, абудзілі вуліцу смехам і гоманам. Дуброўскі. // Вывесці са стану спакою, вярнуць да жыцця, дзейнасці. Любіць песняю дзяўчына З нашым садам прывітацца, Абудзіць спакой птушыны, З салаўямі паспрачацца. А. Астапенка.
3. перан. Выклікаць, выявіць якія‑н. пачуцці, уласцівасці, якасці. Абудзіць дзіцячую фантазію. Абудзіць творчую думку народа. □ Сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? Колас. Слова здольна суцешыць гора, выклікаць весялосць, натхніць на подзвіг, спыніць злы намер, абудзіць да дзеяння цэлыя народы. Юрэвіч.