Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

абогатвара́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да абогатвараць.

абогатвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абогатварыць.

абогатвары́ць, ‑твару, ‑творыш, ‑творыць; зак., каго-што.

Аднесціся як да бажаства, прызнаць за бажаство; абысціся, як з бажаством. Абогатварыць паэта.

абогатварэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абогатвараць — абогатварыць.

або́два, абодвух, Т абодвума, м. і н.; абедзве, Т абедзвюма, ж., ліч. зб.

Як той, так і другі. У гуках музыкі абодва ўспаміналі Пару далёкую, шчаслівую вясну. А. Александровіч. Два на гаду Юр’і, ды абодва дурні: увосень халодны, а ўвясну галодны. Прыказка.

абодвапо́лы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адзнакі мужчынскага і жаночага полу; двухполы. Абодваполыя расліны.

або́ддзе, ‑я, н., зб.

Абады. Абоддзе гнуць.

або́е, абаіх, ліч. зб.

Як той, так і другі; як той, так і другая; як тое, так і другое. Нічыпар хітра падміргвае цёці Каці і абое выходзяць. Крапіва.

•••

Абое рабое — пра людзей, падобных у чым‑н. адзін на аднаго, вартых адзін другога (па якіх‑н. адмоўных якасцях). [Андрэй:] — З Халустам і я не ўжыўся б. — Бо і ты такі! — ускіпела жанчына. — Абое роўныя! Абое рабое. Чарнышэвіч.

або́з, ‑у, м.

1. Чарада фурманак, падвод з людзьмі або паклажаю ў дарозе. Ехаць у абозе. □ Гадзіны ў дзве папоўдні цэлы абоз сялянскіх фурманак, наладаваных жыўнасцю, прадуктамі і фуражом, выехаў з вёскі. Колас.

2. Сукупнасць транспартных сродкаў спецыяльнага прызначэння. Пажарны абоз. □ Пачалося наступленне. Па шашы ў напрамку фронту ішлі нашы штабы і абозы з раненымі, абапал, па ўзгорках баявыя часці. Няхай.

•••

Чырвоны абоз — абоз, які арганізоўваўся сялянамі для здачы збожжа па цвёрдых цэнах на дзяржаўныя ссыпныя пункты. Плывуць па шляхах Беларусі Абозы чырвоныя з хлебам. Купала.

Выгнаць (пагнаць) у абоз — прымусіць каго‑н. з яго транспартнымі сродкамі несці службу ў вайсковым абозе. Але аднойчы зранку легіянеры выгналі яго ў абоз. Чорны.

Ехаць (паехаць) у абоз — быць мабілізаваным у вайсковы абоз. Вось чаму зімой і ўлетку Я ў абоз так езджу рэдка. Крапіва.

Цягнуцца (плесціся, адседжвацца) у абозе гл. цягнуцца.