абарваць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. ▪ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. ▪ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
•••
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.
абарваць 2, ‑рве; зак.
Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)