Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абсе́сці, ‑сядзе; зак., каго-што.

1. Сеўшы, размясціўшыся вакол каго‑, чаго‑н., абкружыць. Наш дзядзька, мілы наш Антоні, У дзіцячым часта быў палоне; Вось так гуртом яго абсядуць І час работы яго крадуць. Колас.

2. Сеўшы ў мностве, заняць паверхню чаго‑н. Душна ў хаце. Гудуць мухі, чорным роем абселі стол, у вочы надаедна лезуць. Колас. Сокам чырвоным наліты гранаты, Дружна бы яблыкі, дрэва абселі. Купала. // Абсыпаць, высыпаць у вялікай колькасці (пра болькі і пад.). — А што калі прышчы абсядуць? — паглядзела я на Васіля. Каліна.

3. Апасці, апусціцца, пакрыўшы сабой якую‑н. паверхню. На шашы абсеў за ноч пласт шэрага мяккага пылу. Галавач.

4. Апусціцца, асунуцца ўніз; паваліцца (пра чалавека, жывёліну). Дзед схапіўся рукамі за жывот, разявіў рот, адхінуўся назад і абсеў пад засекам ля кубла. Галавач.

5. Пад дзеяннем уласнага цяжару ці іншых сіл пашчыльнець, апусціцца ўніз; асесці (пра снег, глебу і пад.).

абсе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзіцца; зак.

Разм. Пасяліцца, спыніцца жыць на якім‑н. месцы; прыжыцца. Сяляне абселіся па гэты бок хвойніку. Чорны.

абсе́ў, ‑севу, м.

Тое, што і абсевак (у 1 знач.). Зрабіў агрэх на ворыве, зрабіў абсеў ці недасеў — грэх на душы, адказвай перад вялікай сям’ёй калгаснікаў. Бялевіч.

абсе́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абсячы (абсекчы).

абсе́яны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абсеяць.

абсе́яцца, ‑союся, ‑сеешся, ‑сеецца; зак.

Засеяць сваё поле, участак. [Сымон] ужо жыў у новай хаце, ужо абгарадзіўся, абсталяваўся, абараўся і абсеяўся. Чорны.

абсе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што.

1. Правесці сяўбу; засеяць. Абсеяць поле. □ Абсеем пасевам жывучым загоны І сцежкі намецім да сонца і зораў. Купала.

2. Пакрыць чым‑н. у мностве; абсыпаць.

абсі́вераны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абсівераць.

2. у знач. прым. Які патрэскаўся, стаў шурпаты на ветры, холадзе (пра скуру на руках, нагах, твары). Адразу шуснулі ўгару сотні абсівераных чырвоных рук і пакацілася гамана. Грахоўскі.

абсі́вераць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Зрабіцца, шурпатым, асмуглым, загрубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.).

абсі́да,

гл. апсіда.