абсе́сці, ‑сядзе; зак., каго-што.

1. Сеўшы, размясціўшыся вакол каго‑, чаго‑н., абкружыць. Наш дзядзька, мілы наш Антоні, У дзіцячым часта быў палоне; Вось так гуртом яго абсядуць І час работы яго крадуць. Колас.

2. Сеўшы ў мностве, заняць паверхню чаго‑н. Душна ў хаце. Гудуць мухі, чорным роем абселі стол, у вочы надаедна лезуць. Колас. Сокам чырвоным наліты гранаты, Дружна бы яблыкі, дрэва абселі. Купала. // Абсыпаць, высыпаць у вялікай колькасці (пра болькі і пад.). — А што калі прышчы абсядуць? — паглядзела я на Васіля. Каліна.

3. Апасці, апусціцца, пакрыўшы сабой якую‑н. паверхню. На шашы абсеў за ноч пласт шэрага мяккага пылу. Галавач.

4. Апусціцца, асунуцца ўніз; паваліцца (пра чалавека, жывёліну). Дзед схапіўся рукамі за жывот, разявіў рот, адхінуўся назад і абсеў пад засекам ля кубла. Галавач.

5. Пад дзеяннем уласнага цяжару ці іншых сіл пашчыльнець, апусціцца ўніз; асесці (пра снег, глебу і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)