Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

чацве́р, -вярга́, мн. -вяргі́, -вярго́ў, м.

Чацвёрты (пасля нядзелі) дзень тыдня.

чацвёра, -вяры́х, -вяры́м, -вяры́мі, ліч. зб.

Чатыры.

Ужыв.:

а) з назоўнікамі мужчынскага і агульнага роду, якія абазначаюць асоб.

Ч. сяброў.

Ч. сірот;

б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага полу ў адзінстве.

Ч. ўжо адправіліся ў дарогу.

Ч. прапанавалі сваю дапамогу;

в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот.

Ч. ягнят.

Ч. лісянят;

г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў мн. л. або якія абазначаюць парныя прадметы.

Ч. сутак.

Ч. саней.

Ч. нажніц.

Ч. шкарпэтак;

д) з асабовымі займеннікамі ў мн. л.

Іх было ч.

чацвёрачнік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Вучань, які вучыцца на чацвёркі.

|| ж. чацвёрачніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

чацвёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.

1. Лічба

4.

Напісаць чацвёрку.

2. Школьная адзнака (разм.).

Атрымаць чацвёрку па хіміі.

3. Запрэжка ў чатыры кані.

Пад’ехаць на чацвёрцы.

4. Колькасць каго-, чаго-н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы.

Ч. самалётаў.

5. Назва чаго-н., абазначанага лічбай 4 (трамвая, тралейбуса і пад.; разм.).

Ч. ходзіць па кароткім маршруце.

чацвёртакла́снік, -а, мн. -і, -аў, м.

Вучань чацвёртага класа.

|| ж. чацвёртакла́сніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

чацвёрты, -ая, -ае.

1. гл. чатыры.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на чатыры.

Чацвёртая частка.

3. у знач. наз. чацвёртая, -ай, ж. Чацвёртая частка чаго-н.; чвэрць.

Адна чацвёртая.

чацвярны́, -а́я, -о́е (разм.).

1. Які складаецца з чатырох аднародных або падобных частак.

2. У чатыры разы большы, павялічаны ў чатыры разы.

У чацвярным памеры.

чацвярня́, -і́, ж. (разм.).

Чацвёра дзяцей, народжаных адной маці адначасова; чацвёра блізнят.

Нарадзілася ч.

чацвярта́к, -вертака́, мн. -вертакі́, -вертако́ў, м. (уст.).

1. Сярэбраная манета вартасцю ў чвэрць рубля, дваццаць пяць капеек.

2. Чвэрць надзела (пра зямлю).

На жвірыстым чацвертаку нічога не расло.

|| прым. чацвертако́вы, -ая, -ае.

чацвярці́на, -ы, мн. -ы, -ці́н, ж. (разм.).

1. Чацвёртая частка чаго-н.

Ч. яблыка.

2. Чацвёртая частка бервяна, распілаванага ўдоўж накрыж (спец.).

3. Старажытная пасудзіна ёмістасцю ў адну чацвёртую частку вядра.

4. Тое, што і чацвяртак (у 2 знач.).

|| памянш. чацвярці́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.