чай, -ю, мн. (пры абазначэнні гатункаў) чаі́, чаёў, м.
1. Вечназялёная расліна (дрэва або куст) сямейства чайных, лісце якой выкарыстоўваецца для прыгатавання духмянага напою.
Плантацыі чаю.
Вырошчаваць ч.
2. Высушаныя і асобым спосабам апрацаваныя лісты гэтай расліны, на якіх настойваюць духмяны танізуючы напой.
Зялёны ч.
Заварыць ч.
Купіць пачак чаю.
3. Гарачы напой, настоены на лісці гэтай расліны.
Моцны ч.
Выпіць чаю.
4. Настой на травах, карэннях, кветках і пад., які выкарыстоўваецца пераважна як лекавы сродак.
Ліпавы ч.
Грудны ч.
5. Чаяпіцце, чаяванне.
Запрасіць на ч.
◊
На чай (даваць, браць; разм.) — узнагарода, звычайна грашовая, за дробныя паслугі (афіцыянту, швейцару); чаявыя.
|| прым. ча́йны, -ая, -ае.
Ч. куст.
ча́йка¹, -і, ДМ ча́йцы, мн. -і, ча́ек, ж.
Вадаплаўная пералётная птушка сямейства чайкавых з кароткімі нагамі, доўгімі крыламі і густым апярэннем, якая жыве на берагах мораў, рэк, азёр.
Белакрылая ч.
|| прым. ча́йкавы, -ая, -ае.
Сямейства чайкавых (наз.).
ча́йка², -і, ДМ ча́йцы, мн. -і, ча́ек, ж.
Пласкадонная лодка; пласкадонка.
Падплысці на чайцы.
чайна́я, -о́й, мн. -ы́я, -ы́х, ж.
Грамадская сталовая, дзе наведвальнікі могуць выпіць чаю і паесці.
чайнво́рд, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.
Род задачы-галаваломкі на адгадванне слоў, размешчаных у клетачках такім чынам, што апошняя літара папярэдняга слова з’яўляецца першай літарай наступнага і г.д.
|| прым. чайнво́рдны, -ая, -ае.
ча́йнік, -а, мн. -і, -аў, м.
Пасудзіна з носікам і ручкай для заваркі чаю або для гатавання вады.
На пліце кіпеў ч.
|| памянш.-ласк. ча́йнічак, -чка, мн. -чкі, -чкаў, м.
|| прым. ча́йнікавы, -ая, -ае.
ча́йніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.
Пасудзіна для захоўвання сухога чаю.
ча́йны
1. гл. чай.
2. Звязаны з вытворчасцю, апрацоўкай, захоўваннем, продажам чаю.
Чайная фабрыка.
○
Чайная ружа — гатунак ружы з кветкамі бледнажоўтага колеру.
чайхана́, -ы́, мн. -ы́, -ха́н, ж.
Чайная ў краінах Сярэдняй Азіі, Іране.
чайха́ншчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Уладальнік чайханы, а таксама той, хто абслугоўвае чайхану.