Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

чва́каць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

Тое, што і чаўкаць (у 2 знач.).

|| наз. чва́канне, -я, н.

чвартава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны; зак. і незак., каго.

У старажытнасці: пакараць (караць) смерцю адсячэннем рук, ног і галавы.

|| наз. чвартава́нне, -я, н.

чвэ́ртка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Тое, што і чвэрць (у 1—6 знач.).

|| прым. чвэ́рткавы, -ая, -ае.

чвэрць, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Чацвёртая частка цэлага.

Ч. года.

2. Адзін з чатырох перыядаў, на якія ўмоўна падзяляецца навучальны год у школе.

Усе вучні паспяхова закончылі першую ч.

3. Старая мера сыпкіх рэчываў, роўная 8 чацверыкам (каля 210 л).

Дзве чвэрці аўса.

4. Старая мера аб’ёму вадкасці, роўная чацвёртай частцы вядра (каля 3 л), якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы, а таксама пасудзіна ёмістасцю ў тры літры.

5. Старая мера даўжыні, роўная чацвёртай частцы аршына, што існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы.

6. Старая мера зямельнай плошчы, роўная 0,5 дзесяціны.

7. Нота працягласцю ў адну чацвёртую частку цэлай ноты (спец.).

8. Адна з чатырох фаз Месяца; вузкі серп Месяца ў першай ці апошняй фазе (спец.).

9. Паз прамавугольнага сячэння па канце дошкі для змацавання яе з другой дошкай (спец.).

Тры чвэрці да смерці (разм.) — пра слабага, хворага чалавека, якому мала засталося жыць.

|| прым. чвэ́рцевы, -ая, -ае (да 2 і 7 знач.).

чвэрцьфіна́л, -у, мн. -ы, -аў, м.

У спартыўных спаборніцтвах: гульня на першынство, якая папярэднічае паўфіналу.

|| прым. чвэрцьфіна́льны, -ая, -ае.

чвэрцьфіналі́ст, -а, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

У спартыўных спаборніцтвах: непасрэдны ўдзельнік чвэрцьфіналу.

|| ж. чвэрцьфіналі́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так.

чвя́кацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак. (разм.).

Падаць, стукацца з глухім, мяккім гукам.

|| аднакр. чвя́кнуцца, -нуся, -нешся, -нецца; -ніся.

|| наз. чвя́канне, -я, н.

чвя́каць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі.

2. Ісці па чым-н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі.

3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.).

4. Па́даць, утвараючы глухі, мяккі гук.

|| аднакр. чвя́кнуць, -ну, -неш, -не; -ні (да 1, 3 і 4 знач.).

|| наз. чвя́канне, -я, н.