Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

со́рак, сарака́, ліч. кольк.

Лік і колькасць 40.

Яму ўжо за сорак (больш за сорак гадоў).

|| парадк. саракавы́, -а́я, -о́е.

со́рам, -у, м.

1. Пачуццё моцнай збянтэжанасці ад усведамлення непрыстойнасці, ганебнасці свайго ўчынку.

С. за свае словы.

2. у знач. вык. Ганьба (разм.).

С. так несумленна рабіць!

Згарэць ад сораму — моцна засаромецца.

со́рамна, прысл.

1. Брыдка, няёмка.

Сорамна адракацца ад роднай мовы.

2. у знач. вык. Пра пачуццё сораму, што адчувае хто-н.

С. за сябе.

со́рга, нескл., н.

Паўднёвая травяністая расліна сямейства метлюжковых (злакаў) з мяцёлкавым суквеццем, ужыв. для ежы, на корм і для тэхнічных патрэб.

|| прым. со́ргавы, -ая, -ае.

сорт, -у, М со́рце, мн. сарты́, -о́ў, м.

1. Тое, што і гатунак.

Першы с. (таксама перан.: пра што-н. вельмі добрае). Мука першага сорту.

2. Разнавіднасць якой-н. культурнай расліны, якая адрозніваецца ад іншых раслін гэтага ж віду якімі-н. каштоўнымі якасцямі.

Высокаўраджайныя сарты пшаніцы.

|| прым. сартавы́, -а́я, -о́е (да 2 знач.).

со́ртнасць, -і, ж. (спец.).

1. Тое, што і гатунковасць.

2. Прыналежнасць да высокага або каштоўнага сорту (пра культурныя расліны).

С. пшаніцы.

со́ртны, -ая, -ае (спец.).

1. Тое, што і гатунковы (гл. гатунак).

2. Высокага сорту.

Сортнае насенне пшаніцы.