ру́жа, -ы, мн. -ы, руж, ж.
1. Расліна з прыгожымі шырокапялёсткавымі пахучымі кветкамі і сцяблом, звычайна пакрытым шыпамі.
Усеяць чый-н. шлях ружамі (перан.: зрабіць чыё-н. жыццё лёгкім, шчаслівым).
2. Архітэктурнае або ювелірнае ўпрыгожанне, якое схематычна перадае форму кветкі гэтай расліны.
○
Ружа вятроў (спец.) —
1) графічнае адлюстраванне паўтаральнасці напрамку вятроў у пэўным месцы;
2) вятры, якія дзьмуць адначасова ў розных напрамках.
|| памянш. ру́жачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.
|| прым. ру́жавы, -ая, -ае (да 1 знач.).
Р. алей.
Сямейства ружавых (наз.).
ружава́рня, -і, мн. -і, -рань і -рняў, ж.
Прадпрыемства, якое перапрацоўвае пялёсткі руж у ружавы алей.
ружаве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.
1. Станавіцца ружовым.
Шчокі ружавеюць на марозе.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Віднецца (пра што-н. ружовае).
|| зак. паружаве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 знач.).
ружакве́тныя, -ых (спец.).
Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца яблыня, груша, вішня, шыпшына, ажына, маліна, глог, ружа і інш.
ружа́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.
У некаторых хрысціян: шнурок з пацеркамі або вузельчыкамі для адлічвання прачытаных малітваў або паклонаў у час малітвы.
ружжо́, -а́, мн. ру́жжы і (з ліч. 2, 3, 4) ружжы́, ру́жжаў, н.
Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ненаразным ствалом.
Паляўнічае р.
Процітанкавае р.
Быць пад ружжом (перан.: быць на ваенным становішчы, у стане баявой гатоўнасці — пра армію). У р.! (каманда стаць у строй з вінтоўкамі). Паставіць пад р. (прызваць на ваенную службу).
|| памянш. ружэ́йца, -а, мн. -ы, -аў, н.
|| прым. ружэ́йны, -ая, -ае.
ружова-...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: з ружовым адценнем, напр.: ружова-пурпуровы, ружова-фіялетавы, ружова-чырвоны.
ружо́вы, -ая, -ае.
1. Светла-чырвоны.
Р. колер.
Ружовыя шчокі (румяныя). Ружовая кофта.
2. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы (разм.).
Ружовыя мары.
3. Ружовае дрэва — драўніна некаторых трапічных дрэў, афарбаваная ў ружовы колер.
◊
Праз ружовыя акуляры глядзець на каго-што (неадабр.) — уяўляць усё ў прыемным выглядзе, глядзець на ўсё жыццярадасна, не заўважаючы дрэннага.
У ружовым святле бачыць каго-што — тое, што і праз ружовыя акуляры глядзець.
|| наз. ружо́васць, -і, ж. (да 1 знач.).
ружо́ўнік, -а, мн. -і, -аў, м.
Гадавальнік, дзе вырошчваюцца ружы, а таксама кветнік з руж.
ружэ́йнік, -а, мн. -і, -аў, м.
Майстар, які вырабляе ружжы, рабочы ружэйнага цэха.