Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

чарната́ гл. чорны.

чарне́ц, -няца́, мн. -няцы́, -няцо́ў, м. (уст).

Манах.

|| ж. чарні́ца, -ы, мн. -ы, -ні́ц.

чарне́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -е́ецца; незак.

Тое, што і чарнець (у 2 знач.).

Удалечыні чарнелася сцяна лесу.

чарне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

1. Станавіцца чорным, цёмным або чарнейшым, цямнейшым.

Золата не чарнее.

Смуглявы твар ад сонца яшчэ больш чарнеў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім колерам (пра што-н. чорнае, цёмнае).

На гарызонце чарнеў лес.

|| зак. счарне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 знач.) і пачарне́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 знач.).

чарні́ла, -а, н.

Водны раствор якога-н. каляровага рэчыва, прызначанага для пісання.

Пісаць чарнілам.

Чорнае ч.

Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.

|| прым. чарні́льны, -ая, -ае.

Ч. прыбор.

Чарнільная пляма.

Чарнільны арэшак — арэхападобная чорная нарасць на лісці дуба і некаторых іншых дрэў, якая раней служыла для вырабу чарніла.

Чарнільная душа (уст, неадабр.) — пра канцылярскага чыноўніка-фармаліста.

чарні́ліца, -ы, мн. -ы, -ліц, ж.

Невялікая спецыяльная пасудзіна для чарніла.

Шкляная ч.

чарнільна-...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: з чарнільным адценнем, напр.: чарнільна-ліловы, чарнільна-чорны.

чарні́цы, -ніц, адз. чарніца, -ы, ж.

1. Кустовая дзікарослая ягадная расліна сямейства бруснічных.

2. Чорна-сінія ягады гэтай расліны.

Кампот з чарніц.

|| прым. чарні́чны, -ая, -ае.

чарні́ць, чарню́, чэ́рніш, чэ́рніць; чэ́рнены; незак.

1. што. Рабіць чорным, фарбаваць у чорны колер.

Ч. бровы.

2. перан., каго-што. Няславіць, ганьбаваць каго-, што-н.

Не трэба ч. людзей.

3. што.

Тое, што і вараніць.

|| зак. счарні́ць, -чарню́, -чэ́рніш, -чэ́рніць; -чэ́рнены (да 1 і 2 знач.), зачарні́ць, -чарню́, -чэ́рніш, -чэ́рніць; -чэ́рнены (да 1 знач.), начарні́ць, -чарню́, -чэ́рніш, -чэ́рніць; -чэ́рнены (да 1 знач.) і ачарні́ць, -чарню́, -чэ́рніш, -чэ́рніць; -чэ́рнены (да 2 знач.).

|| наз. чарне́нне, -я, н. (да 1 і 3 знач.).

чарні́чнік, -у, м.

Сцёблы, кусцікі, на якіх растуць чарніцы, а таксама месца, зарослае кустамі чарніц.