Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

шырока... (а таксама шырака...).

Першая частка складаных слоў у знач. шырокі, напр.: шырокавядомы, шырокагабарытны, шырокаўжывальны.

шырокавяшча́льны, -ая, -ае (кніжн.).

Які многа абяцае, прыцягвае многімі абяцаннямі.

Шырокавяшчальныя прамовы.

|| наз. шырокавяшча́льнасць, -і, ж.

шырокакале́йны, -ая, -ае.

Які мае шырокую чыгуначную каляю.

шырокаэкра́нны, -ая, -ае.

Які мае адносіны да кінафільмаў з павялічаным полем зроку і гукаперадачай, якія набліжаюць успрыняцце да рэальнага.

Ш. фільм.

Шырокаэкраннае кіно.

шыро́кі, -ая, -ае.

1. Вялікі ў папярочніку.

Шырокая вуліца.

Шырока (прысл.) раскрыць вочы (таксама перан.: здзівіцца).

2. Пра адзенне: прасторны.

Куртка шырокая ў плячах.

3. Які займае сабой вялікую прастору, мае вялікую працягласць.

Шырокія стэпы.

Наступаць шырокім фронтам.

4. Размашысты, свабодны.

Ш. крок.

Ш. жэст (перан.: пра высакародны ўчынак са знешняга боку).

5. перан. Вялікі па колькасці, ступені, ахопу, размаху і пад., масавы.

Шырокая сетка школ.

Шырокія паўнамоцтвы.

Тавары шырокага ўжытку.

6. перан. Вялікі, неабмежаваны, разнастайны на выбар.

Шырокая начытанасць.

Шырокая праграма навуковых даследаванняў.

У шырокім сэнсе слова (у самым агульным разуменні).

7. перан. Не абмежаваны ў праяўленні, выяўленні чаго-н., з размахам.

Жыць на шырокую нагу — багата, раскошна.

Шырокая натура — пра шчодрага, адкрытага, таварыскага чалавека.

|| наз. шырыня́, -і, ж. (да 3—7 знач.) і шыро́касць, -і, ж. (да 7 знач.).

шыро́тны гл. шырата.

шырспажы́ў, -жы́ву, м. (разм.).

Прамысловыя тавары шырокага ўжытку.

Вытворчасць шырспажыву.

|| прым. шырспажыве́цкі, -ая, -ае.

шыры́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

Разрэз у пярэдняй частцы штаноў; прарэх.

Зашпіліць шырынку.

|| прым. шыры́начны, -ая, -ае і шыры́нкавы, -ая, -ае.

шырыня́, -і, ж.

1. гл. шырокі.

2. Працягласць чаго-н. у папярочніку, а таксама (разм.) вялікі абшар, шыр.

Ш. ракі.

Матэрыял шырынёй у адзін метр.

Вакол ш. і прастор.

шы́рыцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -рыцца; незак.

Станавіцца больш шырокім, павялічвацца, развівацца.

Узараная паласа шырылася.

Шырыцца рух прыхільнікаў міру.