чарга́, -і́, ДМ -рзе́, мн. чэ́ргі і (зліч. 2, 3, 4) чаргі́, чэ́рг і -аў, ж.
1. Парадак, паслядоўнасць у руху каго-, чаго-н.
Стаяць у чарзе за білетамі.
2. Чыё-н. месца ў такім парадку.
Прапусціць сваю чаргу.
3. Людзі, якія размясціліся паслядоўна адзін за адным з якой-н. мэтай.
У касу была вялікая ч.
4. Спіс асоб, якія павінны атрымаць што-н. у парадку чарговасці.
Ч. на атрыманне кватэры.
5. Пэўная колькасць патронаў, выпушчаных кулямётам, аўтаматам за адзін прыём.
Аўтаматная ч.
◊
Жывая чарга — чарга, якая патрабуе абавязковай прысутнасці ўсіх, хто заняў яе.
Заняць чаргу — стаць або запісацца ў чаргу за чым-н.
У сваю чаргу — са свайго боку; адпаведна.
чаргава́цца, -гу́юся, -гу́ешся, -гу́ецца; -гу́йся; незак.
1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім; перыядычна паўтарацца.
2. У лінгвістыцы: заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.
|| наз. чаргава́нне, -я, н.
чаргава́ць, -гу́ю, -гу́еш, -гу́е; -гу́й; незак., каго-што.
Паслядоўна зменьваць адно другім, размяшчаць адно за адным.
Ч. работу з адпачынкам.
|| наз. чаргава́нне, -я, н.
чарго́вы, -ая, -ае.
1. Наступны за папярэднім.
Чарговае заданне.
Ч. аўтобус будзе праз гадзіну.
2. Які адбываецца рэгулярна, у пэўнай паслядоўнасці.
Чарговая сесія.
3. Які паўтараецца рэгулярна час ад часу.
Чарговая сустрэча.
|| наз. чарго́васць, -і, ж.
ча́рдаш, -а і чарда́ш, -а́, м.
Венгерскі народны танец, а таксама музыка ў рытме гэтага танца.
ча́рка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак, ж.
1. Невялікая шкляначка, часта на ножцы, прызначаная для піцця спіртных напіткаў.
2. Спіртное; выпіўка (разм.).
Ён ніколі не адказваўся ад чаркі.
|| памянш. ча́рачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.
|| прым. ча́рачны, -ая, -ае (да 1 знач.).
◊
Глядзець у чарку (разм., іран.) — любіць выпіць.
Заглядаць у чарку (разм., іран.) — выпіваць.
Пад чаркай (разм.) — п’янаваты.
чарке́сы, -аў, адз. -ке́с, -а, м.
Народ, які жыве ў Карачаева-Чаркескай Рэспубліцы, што ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі.
|| ж. чарке́шанка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.
|| прым. чарке́скі, -ая, -ае.
чарльсто́н, -а, м.
Амерыканскі танец з чатырохдольным рытмам — разнавіднасць хуткага факстрота, а таксама музыка да гэтага танца.
чарна... (гл. чорна...).
Першая састаўная частка складаных слоў, ужыв. замест «чорна...», калі націск у другой частцы слова падае на першы склад, напр.: чарнабровы, чарнакрылы, чарнабурка.