Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

анты́чны, -ая, -ае.

Які адносіцца да гісторыі і культуры старажытных грэкаў і рымлян.

Антычная літаратура.

Антычнае мастацтва.

|| наз. анты́чнасць, -і, ж.

антэ́на, -ы, мн. -ы, -тэ́н, ж.

Праваднік або сістэма праваднікоў, частка радыё- і тэлевізійнай устаноўкі, якая служыць для выпраменьвання радыёхваль пры перадачы або для іх улоўлівання ў час прыёму.

Тэлевізійная а.

|| прым. антэ́нны, -ая, -ае (спец.).

ану́, выкл. (разм.).

1. Ужыв. для выражэння закліку або прымушэння да дзеяння.

Ану, за косы ды на лугі!

2. (з Р у спалучэнні з займ. 2 і 3 ас.). Адпавядае словам «адвяжыся», «адстань» і пад.

Ану цябе, Максім!

анулява́ць, -лю́ю, -лю́еш, -лю́е; -лю́й; -лява́ны; зак. і незак., што.

Аб’явіць (аб’яўляць) несапраўдным, скасаваць (касаваць).

А. дагавор.

|| наз. анулява́нне, -я, н. і ануля́цыя, -і, ж.

ану́ча, -ы, мн. -ы, ану́ч, ж.

1. Кавалак якой-н. тканіны (звычайна старой).

А. для мыцця падлогі.

2. Парванае, паношанае, старое адзенне (разм.).

Сабралася многа розных ануч.

3. Кавалак тканіны для абгортвання ног.

4. перан. Бязвольны, бесхарактарны чалавек.

А., а не хлапец.

|| памянш. ану́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1 і 3 знач.).

|| прым. ану́чны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

ану́чніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Скупшчыца ануч, рыззя (уст.).

|| м. ану́чнік, -а, мн. -і, -аў.

ану́чына, -ы, мн. -ы, -чын, ж. (разм.).

Тое, што і ануча (у 1—3 знач.).

анфа́с, прысл.

Тварам да таго, хто глядзіць.

Сфатаграфавацца а.

|| прым. анфа́сны, -ая, -ае.

анфіла́да, -ы, ДМ -дзе, мн. -ы, -ла́д, ж.

Доўгі скразны рад пакояў у грамадскіх будынках, палацах, дзе дзверы размешчаны на адной прамой лініі.

|| прым. анфіла́дны, -ая, -ае.

анча́р, -а, мн. -ы, -аў, м.

Трапічнае паўднёваазіяцкае дрэва з сямейства тутавых, якое ўтрымлівае атруту.

|| прым. анча́рны, -ая, -ае.