амо́біум
(н.-лац. ammobium)
травяністая расліна сям. складанакветных з дробнымі жоўтымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў Аўстраліі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
амо́графы
(ад гр. homos = аднолькавы + -граф)
лінгв. словы, якія аднолькава пішуцца, але па-рознаму вымаўляюцца (напр. му́зыка — музы́ка, па́ра — пара́).
амо́к
(малайск. amuk)
псіхічнае захворванне, якое назіраецца ў жыхароў Малайскіх астравоў і выражаецца ў буйных паводзінах хворага.
амо́ній
(н.-лац. ammonium, ад лац. ammoniacum = аміяк)
аднавалентная група атамаў азоту і вадароду, якая ўваходзіць у склад многіх солей.
амо́німы
(гр. homonymos = аднайменны)
лінгв. словы, якія аднолькава вымаўляюцца, але маюць рознае значэнне (напр. каса́ — сельскагаспадарчая прылада і касá — заплеценыя валасы).
амо́рфа
(н.-лац. amorpha)
кустовая расліна сям. бабовых з доўгім лісцем і дробнымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
аморфанасто́к
(ад гр. amorphos = бясформенны + насток)
тое, што і насток.
амо́рфны
(гр. amorphos = бясформенны)
1) які не мае крышталічнай будовы (напр. а-ае рэчыва);
2) перан. бясформенны, расплывісты (напр. а-ыя ўражанні).