Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́мба

(рус. амба, ад іт. ambo = два нумары латарэйнага білета)

разм. усё, канец.

амбала́ж

(фр. emballage)

пакавальны матэрыял, а таксама затраты на пакаванне.

амбара́с

(фр. embarras)

клопаты, турботы, непакой.

амбацэ́птар

(ад лац. ambo = абодва + ceptor = які бярэ)

асобае ўтварэнне клеткі, якое, паводле тэорыі нямецкага вучонага П. Эрліха, удзельнічае ў рэакцыі імунітэту.

амбівале́нтнасць

(ад амбівалентны)

1) дваістасць перажывання, калі аб’ект выклікае ў чалавека адначасова два процілеглыя пачуцці, напр. сімпатыю і антыпатыю;

2) літ. спецыфічная ўласцівасць дыялектычна супярэчлівых вобразаў, у якіх арганічна знітавана адмаўленне і сцвярджэнне адных і тых жа з’яў жыцця.

амбівале́нтны

(ад лац. ambo = абодва + valens, -ntis = значны, важны, каштоўны)

дваісты, які змяшчае ў сабе процілеглыя элементы, напр. а-ае пачуццё (гл. амбівалентнасць1).

амбісто́ма

гл. амблістома.

амбі́цыя

(польск. ambicja, ад лац. ambitio)

абвостранае самалюбства, празмернае пачуццё асабістай годнасці;

кінуцца ў амбіцыю — выявіць крайнюю крыўдлівасць.

амбіяфані́чны

(ад лац. ambi = навокал + гр. phone = гук)

звязаны з сістэмай электронна-акустычных устройстваў, якія выкарыстоўваюцца ў тэатрах, канцэртных залах для забеспячэння добрай чутнасці ў любым пункце залы.

амблігані́т

(ад гр. amblys = тупы + gonia = вугал)

мінерал класа фасфатаў белага, блакітнага або карычневага колеру.