Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сімпатызава́ць

(фр. sympathiser, ад гр. sympathes = успрымальны, адчувальны)

адчуваць сімпатыю, адносіцца з сімпатыяй да каго-н., чаго-н.

сімпаты́ны

(ад гр. sympathes = чуллівы)

рэчывы, якія выдзяляюцца ў арганізме чалавека і жывёл пры раздражненні заканчэнняў нервовых валокнаў сімпатычнай нервовай сістэмы; прымаюць удзел у перадаванні імпульсаў.

сімпаты́чны

(фр. sympathique, ад гр. sympathes = успрымальны, адчувальны)

1) які выклікае сімпатыю, мілы, прыемны (проціл. антыпатычны);

2) які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы;

с-ая нервовая сістэма — аддзел вегетатыўнай нервовай сістэмы, які (побач з парасімпатычнай нервовай сістэмай) удзельнічае ў рэгуляцыі дзейнасці ўнутраных органаў, жыўлення тканкі і абмену рэчываў ва ўсіх органах і тканках цела.

сімпа́тыя

(гр. sympatheia = спачуванне)

цяга, прыхільнасць да каго-н. (проціл. антыпатыя).

сі́мплака

(гр. symploke = спляценне, з’яднанне)

від сінтаксічнага паралелізму, стылістычная фігура, у якой дзве часткі фразы маюць падобны пачатак і канец.

сімпла́ст

(ад гр. syn = разам + -пласт)

адзінства ўсіх пратапластаў жывых клетак арганізма, аб’яднаных сістэмай энда- і экзаплазматычнай сеткі.

сі́мплекс

(лац. simplex = просты)

мат. найпрасцейшы выпуклы шматграннік дадзенай колькасці вымярэнняў.

сімпліфіка́цыя

(ад с.-лац. simplificare = спрашчаць, ад лац. simplex = просты + facere = рабіць)

спрашчэнне.

сімпло́ка

(н.-лац. symploca, ад гр. symploke = спляценне, з’яднанне)

ніткаватая сіне-зялёная водарасць сям. асцыляторыевых, якая пашырана ў прэсных, саланаватых і марскіх вадаёмах, на вільготных скалах, сценах, у глебе.

сімпо́дый

(н.-лац. sympodium, ад гр. syn = разам + podion = падстава)

тып расліннага разгалінавання, калі з пупышкі вырастае новы парастак, які расце хутчэй, чым мацярынскі.