Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарві́зм

[ад англ. M. Garwey = прозвішча ідэолага нацыяналістычнага руху ў ЗША (1887—1940)]

буржуазна-нацыяналістычны рух у ЗША пач. 20 ст. за перасяленне неграў у Афрыку.

га́рда

(фр. garde)

металічная пласцінка выпуклай формы на дзяржанні шпагі, рапіры або дужка на дзяржанні шаблі для абароны рукі ад ранення ў час фехтавання і ў паядынку.

гардзі́на

(ням. Gardine)

занавеска на ўсё акно.

гардэіфо́рме

(н.-лац. hordeiforme)

разнавіднасць цвёрдай пшаніцы з чырвоным асцістым коласам і белым зернем.

гардэмары́н

(фр. gardemarine = марская гвардыя)

званне выхаванцаў старэйшых рот марскога кадэцкага корпуса, а таксама чын (ніжэйшы за мічмана) у ваенна-марскім флоце Расіі ў 1716—1917 гг.

гардэні́т

(ад англ. harden = загартоўваць)

разнавіднасць структуры загартаванай сталі — мартэнсіту.

гардэ́нія

(н.-лац. gardenia, ад англ. Garden = прозвішча амер. батаніка 18 ст.)

вечназялёная кустовая расліна сям. марэнавых з духмянымі белымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі.

гардэро́б

(фр. garderobe)

1) месца ў грамадскім будынку для захоўвання верхняга адзення; раздзявальня;

2) шафа для адзення;

3) увесь набор адзення аднаго чалавека (напр. г. артысткі).

гаржэ́тка

(фр. gorgette)

прадмет жаночага туалету ў выглядзе палоскі футра ці цэлай шкуркі звярка, якую носяць замест каўняра.

гармаго́ніі

(ад гр. hormos = ланцуг + -гонія)

мнагаклетачныя часткі, якія адчляняюцца ад ніткі або на якія распадаюцца ніткі сіне-зялёных водарасцяў.