Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гібелі́ны

(іт. ghibellini)

палітычная групоўка ў Італіі ў 12—15 ст., якая падтрымлівала прэтэнзіі германскіх імператараў на ўладу на Апенінскім паўвостраве; змагалася з папствам і гвельфамі, выражала інтарэсы нобіляў 2.

гібе́ра

(н.-лац. gibbera)

сумчаты грыб сям. вентурыевых, які развіваецца на галінках брусніц.

гібе́рна

(ст.-польск. hiberna, ад лац. hiberna = зімовыя кватэры)

1) зімовыя кватэры войска ў Стараж. Рыме;

2) павіннасць зімовага ўтрымання войска і забеспячэння яго харчам, якую неслі жыхары дзяржаўных і царкоўных уладанняў у Рэчы Паспалітай.

гіберна́цыя

(лац. hibernatio = зімовая спячка)

замаруджанне жыццядзейнасці, напр. зімовая спячка жывёл.

гіберэлі́ны

(ад лац. gibberella = назва грыба, які паразітуе на рысе)

гармоны з групы дытэрпеноідных кіслот, якія стымулююць рост і паскараюць квітненне раслін.

гібі́ск

(н.-лац. hibiscus)

дрэвавая, кустовая або травяністая расліна сям. мальвавых з пальчаталопасцевым лісцем і буўнымі жоўтымі кветкамі, пашыраная ў тропіках і субтропіках; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

гібо́н

(англ. gibbon)

самая малая чалавекападобная малпа з вельмі доўгімі пярэднімі канечнасцямі; жыве ў Паўд.-Усх. Азіі і на Малайскіх астравах.

гібры́д

(лац. hibrida, ад гр. hybris, -idos = кровазмяшэнне)

жывёліна або расліна, выведзеная шляхам гібрыдызацыі (напр. г. вішні і чарэшні).

гібрыдо́ма

(ад гібрыд + -ома)

клетачны гібрыд, які атрымліваецца зліццём нармальнай антыцелаўтваральнай клеткі (лімфацыта) і пухліннай клеткі.

гібрыдыза́цыя

(ад гібрыд)

скрыжаванне розных відаў раслін або жывёл, каб атрымаць лепшыя па якасці сарты, віды, пароды (напр. вегетатыўная г.); часта суправаджаецца гетэрозісам.