Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гіна-, гінека-

(гр. gyne, -naikos = жанчына)

першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да жаночага полу.

гінагене́з

(ад гіна- + -генез)

форма размнажэння, пры якой пасля пранікнення спермія ў яйцаклетку іх ядры не зліваюцца і ў развіцці ўдзельнічае толькі ядро яйцаклеткі (проціл. андрагенез).

гінандрамарфі́зм

(ад гіна- + гр. aner. andros = мужчына + -марфізм)

ненармальнае спалучэнне прыкмет абодвух полаў у асобіны; найбольш часта сустракаецца ў насякомых.

гіна́ндры

(ад гіна- + гр. aner, andros = мужчына)

жанчыны, якія вызначаюцца мужчынскімі другаснымі палавымі прыкметамі (валасы на твары, вузкі таз і інш.).

гіна́ндрыя

(ад гіна- + -андрыя)

біял. знешняе падабенства самцоў да самак.

гінатрэзі́я

(ад гіна- + атрэзія)

парушэнне праходнасці палавога канала ў жанчын, абумоўленае анамаліямі развіцця похвы.

гінафо́р

(ад гіна- + -фор)

верхняя частка кветаложа паміж андрацэем і гінецэем, што мае выгляд ножкі з размешчанымі на канцы песцікамі.

гінгіві́т

(ад лац. gingiva = дзясна)

запаленне слізістай абалонкі дзясен пры карыесе зубоў, інфекцыйных захворваннях, авітамінозах і інш.

гінека-

гл. гіна-.

гінекакра́тыя

(ад гінека- + -кратыя)

тое, што і матрыярхат.