сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (25.12.1900, г. Арол — 21.9.1976),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1940), д-рфізіка-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1931—54 у Маскоўскім ун-це. З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1963—67 заг. Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. У 1928 сфармуляваў закон анізатрапіі, які ўстанаўлівае сувязь паміж магн. і мех. ўласцівасцямі ферамагнетыкаў. Аўтар прац па тэорыі хім. дынамікі і ланцуговых працэсаў, стат. тэорыі дыслакацыі, тэорыі пластычнасці і трываласці. Прапанаваў метады аналізу ферасплаваў і спосабы выяўлення дэфектаў у метал. вырабах. Дзяржаўная прэмія СССР 1941, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Ферромагнетизм. М.; Л., 1939;
Основы химической динамики. М., 1940;
Теория цепных процессов. М.; Л., 1951;
Дислокации и пластичность. Мн., 1961.
Літ.:
Н.С.Акулов // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн. Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г.Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім.Навук. з 1968 — фізіка-энергет.навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук. жыццё АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ХРАМАТАГРА́ФІЯ,
фізіка-хімічны метад аналізу і раздзялення сумесей, дзе рухомая фаза — газ (пара); від храматаграфіі. У залежнасці ад агрэгатнага стану нерухомай фазы (цвёрды паверхнева-актыўны адсарбент ці вадкасць, нанесеная ў выглядзе тонкай плёнкі на паверхню цвёрдага носьбіта) адрозніваюць газаадсарбцыйную і газавадкасную храматаграфію. Выкарыстоўваюць у розных галінах прам-сці і фізіка-хім. даследаваннях для якаснага і колькаснага аналізу тэрмічна ўстойлівых арган. і неарган. злучэнняў, для вызначэння розных характарыстык (т-ры плаўлення і кіпення, канстанты скорасці і раўнавагі хім. рэакцый і інш.).
Літ.:
Новікаў Г.І., Жарскі І.М. Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,
галіна ваеннай навукі, якая вывучае ваенна-паліт., ваенна-эканам., фізіка-геагр. ўмовы і аператыўнае абсталяванне магчымых сухапутных і марскіх тэатраў ваен. дзеянняў (у межах асобных краін, стратэгічных раёнаў, напрамкаў) і іх уплыў на падрыхтоўку і вядзенне вайны і ваен. дзеянняў. Складаецца з ваен. краіназнаўства (сукупнасць эканам., паліт., маральнага і ваен. патэнцыялу) і геаграфіі тэатра ваен. дзеянняў (уплыў фізіка-геагр. наваколля на арганізацыю і падрыхтоўку войска, характар баявых дзеянняў, фіз. адчуванне і баяздольнасць асабовага складу). Выкарыстоўвае метады параўнальна-геагр., матэм. мадэлявання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ АГРАПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1930—33. Меў фізіка-матэм. і хіміка-біял. аддзяленні. Тэрмін навучання 2 гады. Рэарганізаваны ў Гомельскі пед.ін-т (гл.Гомельскі універсітэт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЎ (Канстанцін Васілевіч) (25.9.1904, в. Лінёва Ніжагародскай вобл., Расія — 26.7.1988),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Акад.АН Беларусі (1938). Засл. дз. нав. і тэхн.БССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1930). У 1938—47 прэзідэнт АН Беларусі, у 1947—49 дырэктар Фізіка-тэхн. ін-та, у 1969—73 віцэ-прэзідэнт, в.а. акадэміка-сакратара Аддз.фізіка-тэхн. навук АН Беларусі. Навук. працы па структурных ператварэннях металаў і сплаваў. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў і мадыфікавальных дамешак на працэс крышталізацыі і ўласцівасці высокатрывалага чыгуну, уплыў алюмінію, тытану, малібдэну, вальфраму і ванадыю на фазавы састаў, структуру і ўласцівасці гарачатрывалых сплаваў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Кинетика и механизм разупрочнения некоторых стареющих сплавов (разам з Р.Л.Тафпенец) // Кинетика и механизм кристаллизации. Мн., 1973;
Фазовые равновесия в сплавах Fe—Cu и Fe—C—Cr (разам з Л.А.Шаўчуком) // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДШАФТАЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы — ландшафты геаграфічныя як часткі геагр. абалонкі Зямлі. Уключае вучэнне пра асн. заканамернасці фізіка-геагр. дыферэнцыяцыі, фізіка-геагр. раянавання і ўласна вучэнне пра геагр. ландшафты; паходжанне, структуру, прасторава-часавую дынаміку ландшафтаў пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў, марфалогію, геахімію і геафізіку ландшафтаў. Вылучаюць прыкладное, меліярацыйнае, антрапагеннае Л. і інш. раздзелы. Асн. метад Л. — палявое даследаванне, якое суправаджаецца ландшафтнай здымкай. Тэарэт. асновы Л. закладзены ў працах В.В.Дакучаева, С.В.Калесніка, М.А.Сонцава, А.Р.Ісачанкі, В.Б.Сачавы. На Беларусі ў галіне Л. найб. вядомы працы А.А.Смоліча, М.Ф.Бліадухо, В.А.Дзяменцьева. Сістэматычныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. Праведзены дэталёвыя даследаванні марфалогіі, структуры, тэр. заканамернасцей размяшчэння ландшафтаў. У БДУ распрацавана сістэма фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі. У 1984 выдадзена ландшафтная карта Беларусі.
Літ.:
Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии (опыт классификации). Мн., 1968;
Марцинкевич Г.И., Клицунова Н.К., Мотузко А.Н. Основы ландшафтоведения. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на Пд Беларусі, Пн Украіны і ў Бранскай вобл. Расіі. Займае пл. каля 270 тыс.км². Яе частка ў межах Беларусі вылучаецца як падправінцыя Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова ў 1885—1918 у Магілёве. Уваходзіла ў Віленскую навуч. акругу. Утрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і сродкаў мясц.т-ва ўзаемнага крэдыту. Мела 7 класаў і падрыхтоўчае аддзяленне. У 1907 навучалася 236 юнакоў, у 1915—321. Працавалі выкладчыкі з ун-таў Парыжа, Масквы, Пецярбурга, Варшаўскага політэхн. ін-та і інш. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, геаграфія, прыродазнаўства, гісторыя, хімія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка, касмаграфія, маляванне, чарчэнне, асновы ваен. навукі, музыка, гімнастыка. Выпускнікі мелі льготы пры паступленні ў вышэйшыя тэхн. і с.-г.навуч. ўстановы, на фізіка-матэм. ф-ты ун-таў. Цяпер у будынку М.р.в. пед. каледж.