Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМДУРМА́Н,

горад у Судане, пры зліцці рэк Белы Ніл і Блакітны Ніл. 527 тыс. ж. (1988). Разам з горадам Хартум і Паўн. Хартум утварае адзіны «трайны горад», у якім больш за 1,3 млн. ж. (1988). Гандл.-трансп. цэнтр (гандаль жывёлай, скурамі, тканінамі, гуміарабікам). Тэкст., гарбарная, харч. прам-сць. Ісламскі ун-т. Нац. тэатр. Маўзалей Махдзі Мухамеда Ахмеда.

т. 1, с. 310

АМЕБЕ́ЙНАЯ КАМПАЗІ́ЦЫЯ

(ад грэч. amoibaios папераменны),

у вершаскладанні будова паэт. твора, заснаваная на кампазіцыйным паралелізме (паўтарэнні вершаванага радка або страфы). Шырока ўжываецца ў фальклоры (нар. песні). Выкарыстана Ф.Багушэвічам у вершы «Песня», заснаваным на чаргаванні пытальных і сцвярджальных інтанацый: «Чым бяздомны, мужычок? // — Бо чужога гляджу. // Чаму хіцёр, мужычок? // Бо дурны, як варона. // Чаго ўмёр, мужычок? // — Уцякаў ад закона!» Найчасцей у аснове амебейнай кампазіцыі ляжыць прыём анафары.

т. 1, с. 310

АМЕ́ГА,

назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення О («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).

А.М.Булыка.

т. 1, с. 311

АМЕ́ЖНІК

(Oenanthe),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, гарах трапічнай Афрыкі, у Паўн. Амерыцы. Культывуюцца ў Галандыі. На Беларусі па берагах рэк і азёраў, на балотах расце амежнік вадзяны (О. aquatica); у наваколлях Магілёва і Гродна адзначаны амежнік дудкаваты (О. fistulosa). Ядавітыя (у каранях атрутнае смолападобнае рэчыва энантатаксін).

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны з вельмі галінастым пустацелым сцяблом выш. да 1,2 м. Лісце двойчы-тройчы перыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя або ружаватыя ў складаных парасоніках. Плод — падоўжана-яйцападобны віслаплоднік (мае эфірны алей). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

т. 1, с. 311

Амелькін Уладзімір Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 333

АМЕ́ЛЬЧАНКА Пётр Адамавіч

(н. 18.6.1935, в. Пятраш Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1958 на Мінскім трактарным з-дзе, з 1978 яго ген. канструктар. Навук. працы па выбары і абгрунтаванні параметраў універсальна-прапашных трактароў і праблемах надзейнасці іх работы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Тракторы для работы на склонах. М., 1974 (у сааўт);

Трактор «Беларусь» МТЗ-80 и его модификации. М., 1991 (разам з І.П.Ксяневічам, П.Н.Сцепанюком);

Агретатирование тракторов «Беларусь». Мн., 1993 (разам з Б.Я.Шнейсерам, М.Р.Шабунем).

т. 1, с. 311

АМЕЛЬЯНО́ВІЧ Уладзімір Аляксандравіч

(н. 1.7.1924, в. Падкасоўе Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1975). З 1944 на 3-м Бел. і 1-м Далёкаўсх. франтах. Разведчык сапёрнага батальёна, яфрэйтар, вызначыўся ў баях ва Усх. Прусіі пры размініраванні мінных палёў, пры разгроме Квантунскай арміі Японіі на Д.Усходзе.

т. 1, с. 311

АМЕЛЬЯНЮ́К Уладзімір Сцяпанавіч

(1917, г. Дно Пскоўскай вобл. — 26.5.1942),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1965). Напярэдадні вайны студэнт Камуніст. ін-та журналістыкі ў Мінску. З жн. 1941 у складзе Камароўскай падп. парт. групы г. Мінска. З пач. мая 1942 чл. Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, заг. аддзела агітацыі і прапаганды, рэдактар падп. Выданняў, 1-га нумара падп. газ. «Звязда». Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 1, с. 311

АМЕЛЯНЕ́Ц,

Амельянец, вёска ў Беларусі, у Каленкавіцкім с/с Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 32 км на ПнЗ ад Камянца, 71 км ад Брэста, 29 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск. 390 ж., 137 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Крыжаўзвіжанская царква — помнік драўлянай архітэктуры канца 19 ст.

т. 1, с. 311

АМ’Е́Н

(Amiens),

горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.

У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).

т. 1, с. 311