АМЕ́ЖНІК
(Oenanthe),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, гарах трапічнай Афрыкі, у Паўн. Амерыцы. Культывуюцца ў Галандыі. На Беларусі па берагах рэк і азёраў, на балотах расце амежнік вадзяны (О. aquatica); у наваколлях Магілёва і Гродна адзначаны амежнік дудкаваты (О. fistulosa). Ядавітыя (у каранях атрутнае смолападобнае рэчыва энантатаксін).
Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны з вельмі галінастым пустацелым сцяблом выш. да 1,2 м. Лісце двойчы-тройчы перыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя або ружаватыя ў складаных парасоніках. Плод — падоўжана-яйцападобны віслаплоднік (мае эфірны алей). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
т. 1, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)