АО́МАРЫ,
горад у Японіі, на Пн в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Аомары. 288 тыс. ж. (1990). Порт у аднайм. бухце (праліў Цугару). Падводным тунэлем і чыг. паромам злучаны з в-вам Хакайда. Лесапрамысл. і гандл. цэнтр. Дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, рыбаперапр. прам-сць. Рамёствы (лакавыя і бамбукавыя вырабы).
т. 1, с. 410
АО́РТА
(грэч. aortē),
у чалавека галоўная артэрыя вялікага круга кровазвароту, што выносіць кроў з левага жалудачка сэрца. Каля выхаду з яго аорта наз. ўзыходнай (даўж. яе каля 6 см), потым утварае дугу аорты, пераходзіць у сыходную аорту, праходзіць уздоўж пазваночніка праз грудную і брушную поласці. У млекакормячых жывёл і чалавека існуе левая дуга аорты, у птушак — правая. У рыб ад брушной аорты адыходзяць шчэлепныя артэрыі. Яны падзяляюцца на капіляры, з якіх кроў цячэ ў 2 прадаўгаватыя ствалы — карані спінной аорты; абедзве зліваюцца ў няпарную спінную аорту.
т. 1, с. 410
АО́РЫСТ
(грэч. aoristos),
простая дзеяслоўная форма, уласцівая многім стараж. і некаторым сучасным індаеўрап. мовам. Абазначае адзінкавае мінулае дзеянне (стан) без паказу яго працягласці. У старабел. літ. мове аорыст ужываўся рэдка. Утвараўся ад асновы інфінітыву пры дапамозе суфіксаў -х-, -с-, -ш («быхъ, бы, бы, быхомъ, бысте, быша» — «я, ты, ён быў; мы, вы, яны былі»). У сучаснай бел. мове не захаваўся, але форма 2-й і 3-й асобы адз. л. аорыста дзеяслова «быти» ператварылася ў нязменную часціцу «бы» («б») і служыць сродкам перадачы мадальнасці («меў бы», «калі б»).
т. 1, с. 410