Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АН...,

гл. а...

т. 1, с. 330

АН

(шумер. «неба»),

Анум, Ану (акад.), у шумера-акадскай міфалогіі бог неба, адно з цэнтральных божастваў. Ан стварае сямёрку злосных дэманаў утуку і пасылае іх супраць бога месяца, каб зацямніць яго. Існуе жаночая паралель Ана — Антум.

т. 1, с. 330

АНА...

(грэч. ana...),

прыстаўка, якая абазначае «рух уверх», «узмацненне дзеяння», «адваротнае дзеянне», «зваротнае дзеянне», напр., анабіёз, анафаза.

т. 1, с. 330

АНА́БА,

Бон, горад на ПнУ Алжыра, адм. ц. вілайі Анаба. 306 тыс. ж. (1987). Трансп. вузел. Порт на Міжземным м. Міжнар. аэрапорт. Металургічны комплекс Эль-Хаджар. Металаапр., харчасмакавыя, хім. (вытв-сць аміяку, угнаенняў), тэкст. прадпрыемствы. Ун-т. Тэатр. Мячэць Сідзі бу Меру ан (11 ст.).

т. 1, с. 330

АНАБАЗІ́Н,

α-піперыдзіл-β-пірыдзін (CHN), арганічнае рэчыва класа алкалоідаў. Бясколерны алей, які цямнее на паветры: tкіп 276 °C; добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках; дае шчолачную рэакцыю. Выяўлены сав. хімікам А.П.Арэхавым (1929) у сярэднеазіяцкім анабазісе бязлістым (Anabasis aphylla). У невял. колькасці ёсць у тытуні. Як і яго ізамер нікацін, анабазін моцны гангліянарны яд. Выкарыстоўваецца супраць шкоднікаў раслін; сродак ад стрыгучага лішая, вашывасці с.-г. жывёл.

т. 1, с. 330

АНАБАЛІ́ЗМ

(ад грэч. anabolē уздым),

асіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць біял. сінтэз патрэбных для жыцця складаных рэчываў (бялкоў, поліцукрыдаў, тлушчаў, нуклеінавых кіслот і інш.) з больш простых. Накіраваны на ўтварэнне і абнаўленне структурных частак клетак і тканак. Непарыўна звязаны з катабалізмам (процілеглы працэс) і ўтварае з ім хім. аснову прамежкавага абмену рэчываў і абмену энергіі (забяспечвае яе назапашванне) у арганізме. Аўтатрофныя арганізмы (зялёныя расліны і некаторыя грыбы) здольныя ажыццяўляць першасны сінтэз арган. злучэнняў з CO2 з выкарыстаннем вонкавых крыніц энергіі (сонечнага святла, акіслення неарган. рэчываў), гетэратрофныя — толькі за кошт энергіі, якая вызваляецца ў працэсах катабалізму. Колькасць зыходных кампанентаў для біясінтэзу абмежаваная (глюкоза, рыбоза, амінакіслоты, піравінаградная кіслата, гліцэрына, ацэтылкаэнзім анабалізму і інш.). Як правіла, анабалізм забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў і ўключае шэраг аднаўленчых этапаў. У працэсе анабалізму кожная клетка сінтэзуе характэрныя для яе бялкі, вугляводы, тлушчы і інш. злучэнні (напр., мышачныя клеткі сінтэзуюць уласны глікаген і не скарыстоўваюць глікаген печані). У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі анабалізму на ўзроўні клетачнага абмену рэчываў акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біял. актыўныя рэчывы, нерв. сістэма (гл. Нейрагумаральная рэгуляцыя). Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы (анаболікі) здольныя павышаць узровень анабалізму, іх выкарыстоўваюць для штучнага нарошчвання мышачнай масы цела ў спорце (праблема допінг-кантролю), таксама як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.

т. 1, с. 331

АНАБАЛІ́Я,

спосаб змянення антагенезу ў працэсе эвалюцыі арганізмаў, калі закончаны формаўтваральны працэс дапаўняецца дыферэнцыроўкамі. Тэрмін увёў рус. біёлаг А.М.Северцаў (1912). Анабалія звязана з тым, што формаўтваральныя працэсы вельмі складаныя і не дапускаюць істотных змен пачатковых ці сярэдніх стадый развіцця. У выпадку, калі асновы структуры жыццёва важнага органа закладзены, магчымы некаторыя яе змены, варыянты, якія не парушаюць жыццяздольнасці арганізма. Прыклад анабаліі — зрастанне храсткоў і касцей у шкілеце дарослых пазваночных, якія ў продкаў заставаліся асобнымі.

т. 1, с. 331

АНАБАПТЫ́СТЫ

(ад грэч. anabaptizō перахрышчваю),

перахрышчэнцы, удзельнікі радыкальнага народнасектанцкага руху эпохі Рэфармацыі пераважна ў Германіі, Швейцарыі, Нідэрландах. Патрабавалі паўторнага хрышчэння (у свядомым узросце), адмаўлялі царк. іерархію, асуджалі багацце, заклікалі да ўвядзення агульнай маёмасці. Удзельнічалі ў Сялянскай вайне 1524—26 у Германіі, утварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35); разгромлены. Анабаптысты праніклі і ў некаторыя бел. гарады, дзе знайшлі паслядоўнікаў сярод мясц. рамеснікаў. Асобныя элементы вучэння анабаптыстаў перайшлі ў дагматыку некаторых пратэстанцкіх сектаў (баптыстаў і квакераў).

т. 1, с. 331

АНАБА́Р,

рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція). Даўж. 939 км. Пл. басейна 100 тыс. км². Вытокі на Анабарскім плато, цячэ на Паўн.-Сібірскай нізіне, упадае ў мора Лапцевых. Гал. Прытокі: М.Куанамка, Уджа (справа), Суалама, Харабыл (злева). Ледастаў з канца вер. да мая. Зімой на перакатах прамярзае да дна. У вусці шмат рыбы (нельма, муксун, рапушка, омуль і інш.).

т. 1, с. 331

АНАБА́РСКАЕ ПЛАТО́,

на ПнУ Сярэднесібірскага пласкагор’я, у Краснаярскім краі і Рэспубліцы Саха (Якуція) Рас. Федэрацыі. Выш. да 905 м. Складзена пераважна са сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Да выш. 450 м рэдкастойныя лістоўнічныя лясы, вышэй — горная тундра.

т. 1, с. 331