АНО́Д
(ад грэч. anodos узыходжанне),
1) дадатны полюс (клема) крыніцы эл. току (гальванічнага элемента, акумулятара, эл. машыны). Ад анода ў знешнім эл. ланцугу накіраваны эл. ток.
2) Дадатны электрод электравакуумных і іонных прылад, звычайна выраблены з тугаплаўкіх металаў (тантал, малібдэн, чэрнены нікель), калі ахаладжэнне прымусовае — з медзі; іонных прылад — з матэрыялаў з малой другаснай эмісіяй (графіт, жалеза).
3) Дадатны полюс электрычнай дугі, электралітычнай ванны (гл. ў арт. Электроліз).
т. 1, с. 374
АНО́Н,
рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.
т. 1, с. 374
АНО́НС
(франц. annonce),
папярэдняя аб’ява пра будучыя аўкцыёны, выстаўкі-продажы, спектаклі, радыё- і тэлеперадачы і інш.
т. 1, с. 374
АНО́ПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Крупіцкім с/с Мінскага р-на. За 25 км на Пд ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Міханавічы. 498 ж., 162 двары (1995). Цэнтр эксперым. базы «Анопаль». Б-ка, клуб. Помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст.
т. 1, с. 374
АНО́САЎ Павел Пятровіч
(1799, С.-Пецярбург — 25.5.1851),
рускі металург. Скончыў Горны кадэцкі корпус (1817). Працаваў на златаустаўскіх і алтайскіх з-дах. Раскрыў страчаны ў сярэднія вякі сакрэт вырабу булатнай сталі (1837). Распрацаваў новыя спосабы атрымання высакаякаснай сталі праз навугляроджванне жалеза ў тыглі. Даследаваў уплыў легіравальных элементаў на ўласцівасці сталі. Адкрыў метады мікрааналізу структуры металаў з дапамогай мікраскопа.
Тв.:
Собл. соч. М., 1954.
Літ.:
Прокошкин Д.А. П.П.Аносов, 1799—1851. М., 1971.
т. 1, с. 374
АНО́ХІН Пётр Кузьміч
(26.1.1898, Валгаград — 6.3.1974),
рускі сав. фізіёлаг. Акад. АН СССР (1966), акад. АМН СССР (1945). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т мед. ведаў (1926). У 1921—30 працаваў у У.М.Бехцерава і І.П.Паўлава (Ленінград), пазней у біял. і мед. установах АМН СССР, з 1950 у Ін-це нармальнай і паталаг. фізіялогіі АМН СССР і інш. Адзін з заснавальнікаў нейракібернетыкі. Навук. працы па нейрафізіял. механізмах вышэйшай нерв. дзейнасці. Ленінская прэмія 1972. Залаты медаль імя І.П.Паўлава АН СССР 1968.
Тв.:
Кибернетика и интегративная деятельность мозга // Вопр. психологии. 1966. № 3;
Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.
Літ.:
Квасов Д.Г., Федорова-Грот А.К. Физиологическая школа И.П.Павлова. Л., 1967.
т. 1, с. 374
АНО́ХІНА Таццяна Аляксандраўна
(н. 25.4.1947, С.-Пецярбург),
бел. генетык-селекцыянер. Д-р с.-г. н. (1990). Скончыла Ленінградскі с.-г. ін-т (1970). З 1973 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, насенняводстве і тэхналогіі вырошчвання грэчкі. Аўтар асн. раянаваных на Беларусі сартоў грэчкі: Чарнаплодная, Аніта, Беларуская, Жалейка, Жняярка, Зарэчная, Ілія і інш.
т. 1, с. 375
АНО́ШКА Валерый Станіслававіч
(н. 9.8.1938, в. Гайдукова Слабада Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фіз. геаграфіі. Д-р геагр. н. (1990), праф. (1991). Скончыў БДУ (1963). З 1964 выкладае ў БДУ. Навук. працы па геагр. прагназаванні, меліярацыйна-геагр. раянаванні тэр. Беларусі, маніторынгавых геагр. даследаваннях. Адзін з заснавальнікаў меліярац.-інжынернай геаграфіі. Распрацаваў канцэпцыю і склаў карту тэхнагеннай парушанасці прыродных комплексаў Беларусі. Аўтар падручніка па меліярац. геаграфіі. Прэзідэнт Бел. геагр. т-ва (з 1983).
Тв.:
Географические основы мелиорации. Мн., 1974;
Мелиоративная география Белоруссии. Мн., 1978;
Основы географического прогнозирования. Мн., 1985 (разам з В.М.Шырокавым, А.М.Трафімавым);
Рациональное природопользование Белорусского Поозерья. Мн., 1993 (у сааўт.).
Г.П.Анціпаў.
т. 1, с. 375
АНО́ШКА
(Onoszko) Ян (каля 1775, Быхаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 1820 або 1827),
польскі і бел. паэт. Дакладныя факты біяграфіі не захаваліся. Некаторыя аўтары атаясамліваюць яго з ксяндзом Янам Аношкам, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі (1823—31). Пісаў панегірыкі шляхце, сатыр. вершы. Аўтар паэмы «Бібеіда» (распаўсюджвалася ў рукапісах). У сваіх сентыментальных творах услаўляў жыццё ў вясковым зацішшы («Муза з вясковае далі», «Мае думкі», «На дажынкі»), прапаведаваў працавітасць і сумленнасць («Літасць»), высмейваў асобныя заганы («На п’янага ветрагона»). Некаторыя яго вершы маюць рэлігійна-містычнае адценне («Сон», «Да бога»), У 1828 Т.Урублеўская выдала ў Полацку яго «Паэтычныя творы». П.Мядэкша ўключыў вершы Аношкі ў зб. «Вянок з папараці» (Вільня, 1842). Пра Аношку як «беларускага паэта» пісалі Р.Падбярэскі, рус. бібліёграф Р.Генадзі. На бел. мову творы Аношкі перакладаў У.Дубоўка.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 451—454.
А.В.Мальдзіс.
т. 1, с. 375