АКА́,
рака ў Еўрапейскай ч. Рас. Федэрацыі, самы вял. правы прыток Волгі. Даўж. 1500 км, пл. бас. 245 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. ч. Сярэднярускага ўзвышша на выш. 226 м над узр. м. і ўпадае ў Волгу каля г. Ніжні Ноўгарад. Рэчышча звілістае, пойма шырокая, шмат старыц. Гал. прытокі: Угра, Масква, Клязьма (злева), Мокша (справа). Паводка з крас. да мая ў верхнім цячэнні і да пач. чэрвеня ў ніжнім. Летам і зімой межань, восенню дажджавыя паводкі. Пераважны гадавы сцёк вясной. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1300 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ад г. Серпухаў да вусця (1200 км). На ўчастку ніжэй упадзення р. Масква на працягу 100 км шлюзаваная (Белаомутаўскі і Кузьмінскі гідравузлы). На левым беразе ў сярэднім цячэнні Акі — Прыокска-тэрасны запаведнік. На Ацэ — гарады Арол, Калуга, Серпухаў, Кашыра, Каломна, Разань, Касімаў, Мурам, Паўлава, Дзяржынск, Ніжні Ноўгарад.
т. 1, с. 178
АКА́БА.
заліў Чырвонага м., паміж п-авамі Аравійскім і Сінайскім. Даўж. 180 км, шыр. да 28 км, глыб. да 1828 м. Аддзелены ад Чырвонага м. падводным парогам глыб. да 958 м. Парты Акаба (Іарданія), Эйлат (Ізраіль).
т. 1, с. 178
АКА́БА,
Эль-Акаба, горад на Пд Іарданіі. 32 тыс. ж. (1983). Порт у заліве Акаба Чырвонага м. Міжнар. аэрапорт. Вузел шашэйных дарог. Вытв-сць мінер. угнаенняў. Рамесная вытв-сць. Марскія промыслы, рыбалоўства. Марскі курорт.
т. 1, с. 178
АКАБО́РЫ Сіра
(н. 20.10.1900, г. Сідзуока),
японскі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Японскай АН. Замежны член АН СССР (1966). Праф. (1938). Скончыў ун-т Тохаку (1925). З 1935 у Осакскім ун-це, у 1958 заснавальнік і першы дырэктар, рэктар Ін-та бялку пры ун-це; з 1967 адначасова прэзідэнт Ін-та фіз. і хім. даследаванняў. Навук. працы па сінтэзе аптычна актыўных рэчываў, вылучэнні і храматаграфічным аналізе амінакіслот і пептыдаў.
т. 1, с. 178
АКАВА́НГА
(Okavango),
рака ў Афрыцы, гл. Кубанга.
т. 1, с. 178
АКА́Д
(Akkad),
Агадэ, стараж. горад (пазней і вобласць) на Пн Месапатаміі, на ПдЗ ад сучаснага Багдада (дакладнае месца невядома). Адзін з найстараж. цэнтраў семітычнага насельніцтва Вавілоніі. У 24—22 ст. да н.э. сталіца дзяржавы Саргана Стараж. (Акадскага), куды ўваходзілі Месапатамія і Элам. Каля 2200 да н.э. разгромлены гуціямі, страціў сваё значэнне.
Мастацтва Акада пераняло і развівала маст. традыцыі Шумера. Аднак помнікі мастацтва Акада (24—22 ст. да н.э.) адметныя большай разнастайнасцю тэм (фальклорныя, міфалагічныя сюжэты ў гліптыцы) і кампазіцый. Тыповымі з’яўляюцца мнагапланавыя аб’ёмныя рэльефы з экспрэсіўнай перадачай руху, элементамі пейзажу. Нешматлікія помнікі мастацтва Акада, што захаваліся, адносяцца да 23 ст. да н.э. (каменныя стэлы цароў Саргана і Нарамсіна з плоскарэльефнымі ваеннымі сцэнамі, бронзавая галава правіцеля з Ніневіі, цыліндрычныя пячаткі са сцэнамі палявання). Рэшткі палацавага комплексу Эшнуны (сучасны Тэль-Асмар) сведчаць аб высокім узроўні буд-ва.
т. 1, с. 178
АКАДЗА́КІ,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю, у прэфектуры Айты (у агламерацыі Нагоя). 294 тыс. ж. (1987). Цэнтр тэкст. прам-сці. Хім., харч., маш.-буд. прадпрыемствы.
т. 1, с. 178
АКАДЭ́М,
у грэчаскай міфалогіі афінскі герой, які паказаў Дыяскурам, дзе схавана іх сястра Алена, украдзеная Тэсеем. Лічылася, што Акадэм пахаваны ў свяшчэнных садах паблізу Афін, дзе каля 387 да н.э. заснаваў філас. школу Платон (пазней названа «акадэміяй»).
т. 1, с. 178
АКАДЭМІ́ЗМ
(франц. académisme),
1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.
2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.
3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт. Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл. Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.
т. 1, с. 178
АКАДЭ́МІІ ВАЕ́ННЫЯ,
гл. ў арт. Ваенныя навучальныя ўстановы.
т. 1, с. 178